У гасцях у Святланы Ясковіч

Танец для скрыпкі з аркестрам

…Кожны прыхільнік скрыпкі ведае – яна можа сумаваць і радавацца, умее спяваць і плакаць. Гавораць, што гэты інструмент мае душу, настолькі непарыўная сувязь узнікае паміж скрыпкай і скрыпачом. Немагчыма передаць уражанні, калі на сцэне гучыць ансамбль ці струнны аркестр. Мы ў гасцях у настаўніка па класе скрыпкі Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў і кіраўніка дзіцячага камернага аркестра Святланы Ясковіч, якая нядаўна была ўзнагароджана Граматай Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Марыла быць хірургам, каб вяртаць людзям жыццё, а выбрала музыку, у прыватнасці – скрыпку, якая лечыць душы, – усміхаецца Святлана Уладзіміраўна. – Скажу з вялікай удзячнасцю, што на шлях мяне накіраваў наш педагог Георгій Несцяровіч, прынамсі, нядаўна яму споўнілася 75 гадоў.

Менавіта гэты неардынарны чалавек і заснаваў камерны аркестр, які з цягам часу перайшоў пад кіраўніцтва Святланы Ясковіч. Зараз у ім займаюцца 30 вучняў.  Трэба адзначыць, што дзіцячы камерны аркестр сам па сабе – з’ява вельмі рэдкая нават для вялікіх гарадоў. У пачатку года кабрынчане занялі 2-е месца на абласным фестывалі “Аркестравы калейдаскоп”, які праводзіўся ў Брэсце, дзе яны былі адзіным дзіцячым камерным аркестрам. Няпростая справа – аб’яднаць у адзіны гарманічны арганізм некалькі дзясяткаў скрыпачоў і віяланчалістаў. Апошніх у кобрынскім аркестры шэсць, акрамя таго, у залежнасці ад рэпертуару дадаюцца духавыя, ударныя і клавішныя інструменты.

– Мы вырашылі ўнесці ў выступленне аркестра нешта новае – і на апошнім канцэрце мае выхаванцы не толькі ігралі, але і танцавалі са скрыпкамі, рухаліся па сцэне. Спыняцца на дасягнутым не плануем – ёсць думкі ўвесці ў выступленне яшчэ і спевы, –  расказвае Святлана Ясковіч.

Новаўвядзенні, якія спрабуе рэалізоўваць у сваёй творчасці дзіцячы камерны аркестр, аказваюць моцнае ўражанне – вельмі ўжо гарманічна атрымліваецца ў дзяцей спалучаць элементы двух відаў мастацтва, і гэта пры тым, што скрыпка адносіцца да самых складаных інструментаў. Для ўсіх нас, кабрынчан, існаванне такога калектыву – сапраўдны гонар.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Святлана Ясковіч з вучням Яўгенам Букацюком.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *