Румяны батчынскі яблык

Напэўна, няма ў Кобрынскім раёне чалавека, які не адведаў бы смачны яблык з сада ААТ “Батчы”. Сёлета веснавыя замаразкі пабілі цвет ў многіх садах. Наколькі моцна капрызы прыроды адбіліся на ўраджайнасці ў садзе гаспадаркі, мы вырашылі пацікавіцца ў садавода Сяргея Крываблоцкага.

Сяргей Уладзіміравіч у ААТ “Батчы” працуе даўно, і ўвесь сад, які раскінуўся на 150 га, можна сказаць, яго заслуга. На гэтай вялікай тэрыторыі толькі некалькі гектараў адведзены пад грушу, алычу і іншую садавіну, і, на жаль, менавіта цвет гэтай садавіны амаль увесь пацярпеў ад маразоў.
– Гатункаў яблыкаў у нас шмат, ёсць і беларускія, і замежныя, большасць – зімнія, – расказвае Сяргей Крываблоцкі. – Менавіта беларускія гатункі, такія як “Дарунак”, “Вербнае”, “Алеся”, “Поспех” выстаялі перад маразамі і далі ўраджай.
Пастаянна ў садзе працуюць сем чалавек. Па словах садавода, гэтыя работнікі віруюць круглы год і выконваюць увесь цыкл работ – прышчэп, падрэзку, уборку і іншае. На сезон збору яблыкаў наймаюць людзей, і на дадзены момант у садзе працуе каля 20 чалавек.
Сёлета плануецца сабраць каля 500 тон садавіны, што, на жаль, удвая менш у параўнанні з мінулым годам. Але і гэтых аб’ёмаў хопіць, каб задаволіць пакупнікоў. Частка садавіны адправіцца ў Расію. У гаспадарцы было адрамантавана сховішча, дзе пэўны час захоўваецца сабраны ўраджай.
Батчынскія яблыкі можна сустрэць амаль ў любым магазіне, і іх перавага над іншымі – смак і таннасць. Дарэчы, на традыцыйных восеньскіх кірмашах гэтая карысная садавіна прадстаўлена значнымі аб’ёмамі. На вялікім рынку ў Кобрыне ў гаспадаркі ёсць свая гандлёвая кропка, дзе кілаграм яблык каштуе 1 руб.50 кап.
Нестандартныя яблыкі адпраўляюцца на перапрацоўку на кансервавы завод у Маларыту.
Карлікавыя і паўкарлікавыя дрэўцы, якімі ў большасці прадстаўлены сад, служаць не так доўга, таму пастаянна ідзе яго аднаўленне. На будучы год плануецца закласці новыя 12 га і менавіта беларускімі гатункамі.
Можна сказаць з упэўненасцю, што аматары яблыкаў не застануцца зімой без любімай садавіны.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: у час збору яблыкаў гатунку “Вербнае”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *