Кузня будучых чэмпіёнаў

У Кобрынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па зімовых відах спорту з моманту яе адкрыцця лядовая арэна не пустуе. Так, паводле інфармацыі дырэктара гэтай установы Анатоля Трубчыка, лядовую арэну наведалі больш за 63 тысячы чалавек. За першыя дзесяць дзён 2011 года – пяць тысяч! Адміністрацыя робіць усё магчымае, каб масавае катанне было даступным усім катэгорыям грамадзян – ад самых маленькіх да пенсіянераў.


Увазе наведвальнікаў прапануецца гібкі графік сеансаў, пракат канькоў, і нават музыка і яе гучнасць карэкціруюцца ў залежнасці ад пажаданняў кліента. Інструктары і валанцёры лядовай арэны за лічаныя хвіліны падкажуць навічку простую тэхніку катання, папярэдзяць аб правілах бяспекі. Больш паглыблена авалодваць гэтым відам фізічнай культуры магчыма ў спецыяльных групах, якія камплектуюцца па меры наплыву жадаючых.

Новы імпульс у сваім развіцці  атрымалі і асноўныя віды дзейнасці спартшколы – хакей з шайбай і фігурнае катанне. Жыццё паказала, што на Кобрыншчыне гэтыя спартыўныя дысцыпліны запатрабаваныя і ў перспектыве будуць мець свой плён, тым больш, што штат поўнасцю ўкампектаваны кваліфікаванымі трэнерамі. Юныя кобрынскія фігурысты разам з калегамі з Брэста і Пружан нядаўна прынялі ўдзел у першым сваім паказальным выступленні  – “Навагоднім лядовым шоу-2010”, дзе прадэманстравалі нядрэнныя навыкі валодання тэхнікай катання на каньках. Усяго ж у спартшколе займаюцца 102 фігурысты ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў.

Уражваюць поспехамі кобрынскія хакеісты. Летась ігракі адкрытага чэмпіянату Беларусі, спартсмены 2001 года нараджэння, разам з пінскай камандай упершыню паспрабавалі сілы на міжнародным турніры ў Бранску (Расія). Заяўкі на ўдзел у гэтым мерапрыемстве падалі масквічы, піцерцы і прадстаўнікі прымаючага боку. У выніку нашы землякі занялі пятае месца. Як сведчыць трэнер кабрынчан Ігар Каранчук, “баявое хрышчэнне” не прайшло дарэмна.

– Турнір такога кшталту для рабят – цудоўная магчымасць перш за ўсё набрацца каштоўнага вопыту, ведаў, таксама гэта чарговая падстава скарэкціраваць некаторыя накірункі ў трэнерскай рабоце, – распавядае Ігар Іванавіч. – Сістэматычна абкатваем  хакеістаў і на мясцовым узроўні – на агульнарэспубліканскіх турнірах. Некаторыя, самыя перспектыўныя юнакі згодна з адпаведнай двухбаковай дамоўленасцю выступаюць  за клуб “Брэст”. Такім чынам яны істотна паднімаюць узровень свайго майстэрства.

Вялікая роля ў развіцці хакея належыць бацькоўскаму камітэту выхаванцаў спартшколы, які ўзначальвае Аляксандр Каташук. Яго сямігадовы сын Мікіта сур’ёзна займаецца хакеем і прыходзіць на трэніроўкі разам з бацькам. Аляксандр Аляксандравіч на грамадскіх пачатках дапамагае трэнерам у навучальным працэсе. Нярэдка ён сам становіцца на канькі і ўдзельнічае з рабятамі ў хакейных баталіях. Каташук-старэйшы сведчыць, што большасць бацькоў з задавальненнем падтрымлівае захапленне сваіх дзяцей. Дзякуючы іх жаданню, намаганням спонсараў набываюцца спартыўны інвентар і нават трэнажоры. Дарэчы, ужо спраектавана і форма для маленькіх хакеістаў, вырабам якой прафесійна займаецца польская арганізацыя, якая абслугоўвае замежныя еўрапейскія нацыянальныя хакейныя каманды. Якасць спартыўнай формы адпавядае ўсім сусветным патрабаванням. Распрацавана і эмблема кобрынскага хакейнага клуба.

Не забываюць адміністрацыя і супрацоўнікі спартшколы і пра папулярызацыю хакея сярод балельшчыкаў. Цяпер заўзятыя аматары могуць назіраць прафесійную гульню з шайбай з трыбун лядовай арэны. На яе базе рэгулярна праводзяцца матчы клуба “Брэст” вышэйшай хакейнай лігі Рэспублікі Беларусь. У гэты час зала заўсёды запоўнена.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Каташук (крайні злева) і трэнер Алег Амяльчук з кобрынскімі хакеістамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *