Вясне насустрач: Якасць рамонту гарантуюць

Да каляндарнай вясны засталося крыху больш як месяц. Як вядома, аператыўнасць і якасць правядзення веснавых палявых работ непасрэдна залежаць ад тэхнічнага стану энерганасычаных трактароў. Істотную падтрымку ў спецыялізаваных рамонтных работах гаспадаркам аказвае ААТ “Кобрынаграмаш”. На прадпрыемстве штогод дзейнічае ўчастак рамонту дылерскага цэнтра РУП “МТЗ” пад кіраўніцтвам Валерыя Дзюбанава. Валерый Віктаравіч адзначае, што ў асноўным яго падначаленыя займаюцца бягучым і заявачным рамонтамі айчынных трактароў, у тым ліку і самых сучасных мадыфікацый – “Беларус-2522“ і “Беларус-3022”.

У вытворчых памяшканнях сканцэнтравана ўсё неабходнае абсталяване, у тым ліку і спецыяльны стэнд для абкаткі муфт счаплення і каробак пераменных перадач для трактароў МТЗ –  “Беларус-2522, 2822, 3022”.

У ліку асноўных кліентаў сярод мясцовых гаспадарак значацца ААТ “Кісялёўцы”, “Днепра-Бугскае”, “Астромічы”, РУСП “Племзавод “Дружба”, СВК “Каралеўскі”, “Вербнае” і інш. Аднак, гаворыць Валерый Дзюбанаў, заказамі  ад кобрынскіх аграрыяў дзейнасць сэрвіснага цэнтра не абмяжоўваецца. Сфера дзейнасці ААТ “Кобрынаграмаш” распаўсюджваецца на ўсю Брэсцкую вобласць.

– Здараецца так, што з суседніх раёнаў да нас прывозяць тэхніку, якая простай мовай аўтамабілістаў называецца кавалкам жалеза, – гаворыць майстар участка рамонту дылерскага цэнтра Сяргей Артысюк. – Паколькі мы з’яўляемся дылерамі МТЗ, праблем з новымі камплектуючымі, рухавіком і кабінай не будзе. Усё прывязем, установім і наладзім.

У мінулым годзе сума агульнага аб’ёму работ участка рамонту складала ў сярэднім 100 мільёнаў рублёў у месяц, мяркуецца, што сёлета гэты паказчык павялічыцца на трыццаць працэнтаў. Кліенты з ахвотай звяртаюцца за дапамогай у ААТ “Кобрынаграмаш”, паколькі не па чутках ведаюць, што на гэтым прадпрыемстве абслугоўванне заўсёды  высокай пробы.

Раман Мельнік.

Фота аўтара.

На здымку: (злева направа) слесар Юрый Свіціч, Валерый Дзюбанаў, Сяргей Артысюк і слесар Сяргей Якімук абмяркоўваюць план рамонту трактара “Беларус-2522 ДВ”  з Іванаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *