Праздничная презентация судна-дракара “Слейпнір” состоялась 25 июня на территории агроусадьбы “На Заречной улице”

Старажытнаму караблю – новае жыццё

Драккар
Пэўна, так ужо створаны чалавек, што не можа ён жыць толькі сучасным: то ён мроіць фантастычнымі фільмамі, імкнучыся ўявіць, якім будзе наш свет праз некалькі тысяч гадоў, то адшуквае розныя сродкі, каб апынуцца хоць на хвіліну ў далёкім мінулым. Святочная імпрэза, прысвечаная рэгістрацыі малагабарытнага судна-дракара “Слейпнір”, што адбылася 25 чэрвеня на тэрыторыі аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы”, акунула ўсіх прысутных на некалькі гадзін у старажытнае мінулае нашай беларускай зямлі.
Усё: і саматканае льняное адзенне гаспадароў, і народныя майстры, якія на вачах у прысутных пры дапамозе адной толькі сякеры выраблялі з дрэва хатнія прылады, і анімацыі ў стылі эпохі вікінгаў, паказаныя членамі клубаў ваеннай рэканструкцыі “Жалезны жолуд” (Брэст) і “Перунова кола” (Кобрын), і багатая на разнасолы беларуская кухні, прадстаўленая халадніком, блінцамі, прасяной кашай, духмяным хлебам ды квасам, нагадвала прысутным старонкі гісторыі нашага славутага народа.
А новенькае судна-дракар, ці прасцей доўгі, вузкі карабель з дрэва з высокападнятым носам і кармой, увесь гэты час стаяла на беразе Мухаўца, пераліваючыся на сонцы і ззяючы ўсімі колерамі вясёлкі, і чакала свайго часу.
– Шлях да “Слепніра” пачаўся пасля ўдзелу дэстынацыі “Муховэцька кумора” ў конкурсе мясцовых ініцыятыў Праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. А ідэю па стварэнні экскурсійнага тура “Бурштынавы шлях” падказаў наш калега з аграсядзібы “Рачная” Жабінкаўскага раёна Генадзь Турыцын, які выказаўся, што калісьці па нашых водных мясцінах праходзіў шлях “З вагаг у грэкі”. Судна паспяхова прайшло ўсе магчымыя іспыты і тэсты і гатова прымаць турыстаў (да 15 чалавек запар) на водным маршруце па рацэ Мухавец. Яму прысвоена IV катэгорыя 7-га разраду, гэта значыць, што на ім можна нават выходзіць у мора, – дзеліцца добрымі навінамі гаспадыня аграсядзібы і каардынатар маршруту Ала Палікарпук.
І вось, нарэшце, карабель дачакаўся свайго часу. Мне пашчасціла адной з першых разам з іншымі гасцямі ступіць на палубу дракара. І няхай наш экскурсійны тур “Бурштынавы шлях” быў скарочаны, я паспела за гэты час адчуць сябе ў якасці смелага, мужнага вікінга, мэтай якога была бяспека дастаўкі бурштыну да канечнага пункта, а шлях “З вараг у грэкі” быў няблізкі, паглядзець на родныя прасторы вачамі чужынца, перажыць хвалю эмоцый, якія, безумоўна, ахоплівалі тых, хто заставаўся па той бок карабля, чакаючы з далёкага падарожжа сваіх блізкіх. А яшчэ нарэшце-такі дачакацца ад радыёгіда адказу на нямое пытанне ўсіх прысутных: “А што робіць на судне дзяўчына-вяслярка?” Аказваецца, у эпоху ранняга сярэднявечча сярод вікінгаў панавала гендэрнае раўнапраўе і “жанчына на караблі” – гэта зусім не на бяду.
Дракар “Слейпнір” годна вытрымаў свой першы экзамен перад прадстаўнікамі СМІ, турагенстваў і гасцямі-турыстамі. Застаецца пажадаць караблю і яго гаспадарам сем футаў пад кілем!
Алена БАКУН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *