Второй год подряд тишину деревни Новоселки нарушают звонкие голоса юных поклонников службы МЧС

Злёт Мужных, Настойлівых, Смелых

DSCN5336
Вось ужо другі год запар цішыню аддаленага на некалькі кіламетраў ад вёскі Навасёлкі маляўнічага куточка Кобрыншчыны, што паблізу канала Бона, у канцы мая парушаюць звонкія галасы юных прыхільнікаў службы МНС. Але, здаецца, прырода не супраць нечаканых гасцей, бо як у такім разе растлумачыць важнае зацікаўленае прагульванне буслоў уздоўж раптам вырасшага палатачнага гарадка?
XV абласны злёт юных ратавальнікаў-пажарных сабраў на тры дні – з 24 па 26 мая, 16 каманд з усіх раёнаў Брэстчыны і па адной камандзе з Брэсцкага і Баранавіцкага кадэцкіх вучылішчаў з мэтай выявіць самых мужных, смелых, настойлівых. І вялікі дзякуй у гэтым, як падкрэсліў паважаны госць і член журы начальнік цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Мікалай Кузьміцкі, яго арганізатарам: Брэсцкаму абласному ўпраўленню МНС, упраўленню адукацыі і галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, асабліва Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа ў асобе Раісы Варанко і, безумоўна, гасціннай Кобрыншчыне, на якой, па жаданні як саміх удзельнікаў, так і арганізатараў, апошнія тры гады праходзіць злёт.

DSCN5333

DSCN5337
Наша жыццё непрадказальнае. Што будзе заўтра, на жаль, ніхто не ведае. Землятрусы, ураганы, навадненні, пажары і іншыя стыхійныя бедствы ды неабдуманыя паводзіны чалавека могуць за некалькі хвілін пазбавіць нават самага неабходнага. Каб не разгубіцца ў такіх крытычных сітуацыях, умець аказаць першую медыцынскую дапамогу, наладзіць мінімальны быт для пражывання, у першую чаргу трэба выпрацаваць сістэму жыццядзейнасці ў палявых умовах. Менавіта вырашэнне гэтых задач разам з прапагандай асноў бясекі жыццядзейнасці і папулярызацыяй прафесіі ратавальніка-пажарніка і было закладзена ў аснову конкурсных выпрабаванняў: “Палатачны гарадок”, “Эстафета”, “Хіт бяспекі”, “Зводныя вучэнні”, “Знаўцы АБЖ” і іншыя.
Каманду Кобрынскага раёна, прадстаўленую навучэнцамі СШ № 8, рыхтавалі кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юны ратавальнік” Уладзімір Мялежык і старшы інспектар ГП і УГ Кобрынскага РАНС Андрэй Абрамчук.
-Такой апантанай, зацікаўленай і ўлюблёнай у агульную справу, дружнай і вясёлай каманды ў мяне даўно ўжо не было. Разумею іх расчараванне, што ў выніку мы шостыя. А з другога боку, гэта найлепшы вынік за час удзелу кабрынчан у злётах. Ды і прайгралі мы вельмі моцным камандам, сярод якіх – навучэнцы кадэцкага вучылішча, – паведаміў Уладзімір Мялежык.

DSCN5356

DSCN5361
Я і сама адразу заўважыла гэтыя ж якасці ў нашых хлопчыкаў і дзяўчынак, паназіраўшы хаця б за тым жа конкурсам па баявым разгортванні. Пераадольваючы абедзенную спёку, у цяжкай, не на дзіцячае плячо, форме пажарнікаў, не валодаючы ад прыроды нейкімі асаблівымі фізічнымі дадзенымі, яны так самааддана, мэтанакіравана, зладжана, бы тыя мурашы, імкнуліся разгарнуць пажарны рукаў і прывесці яго ў дзеянне, быццам ад таго, як хутка яны справяцца з заданнем, залежыць жыццё канкрэтнага чалавека.
Завершаны апошні конкурс, падведзены вынікі, аб’яўлены пераможцы, якімі сталі навучэнцы Камянецкага раёна, другое месца – у прадстаўнікоў Маларыцкага раёна і трэцімі апынуліся баранавіцкія кадэты.
Алена БАКУН.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *