На Кобринщине много молодых талантливых людей и фестиваль-конкурс “Мельница идей” тому подтверждение

Маладыя, таленавітыя, ініцыятыўныя

На Кобрыншчыне многа маладых таленавітых людзей, і фестываль-конкурс маладзёжнай творчасці “Млын ідэй”, які прайшоў у Кобрынскай дзіцячай школе мастацтваў 11 лютага, у чарговы раз таму пацвярджэнне. Традыцыйнае творчае спаборніцтва сабрала на адной сцэне звыш за 120 чалавек, якія прадэманстравалі гледачам 33 творчыя нумары ў шасці намінацыях: “Вакал”, “Арыгінальны жанр”, “Харэаграфія”, “Дызайн і мадэль”, “Акцёрскае майстэрства”, “Калектыў народнай музыкі і песні”.
Удзельнікамі былі як вядомыя кобрынскія артысты –  Вікторыя Дубок, Анастасія Крупко, Анастасія Бенедзясюк, так і тыя, для якіх выступленне стала дэбютам. Упершыню паспрабаваў свае сілы ў намінацыі “Дызайн і мадэль” вучань 11 “Б” класа СШ № 8 Ілья Бялецкі. Разам са сваімі аднакласніцамі юнак прадставіў калекцыю сукенак з падручнага матэрыялу ў стылі “Hand-made”, якую яны стваралі на працягу месяца. Сукенкі з папяровых сурвэтак, канфеці, каляровай паперы, мачалак выглядалі не горшымі за сапраўдныя. Прызнанне таленавітым майстрам і іх залатым рукам гледачы выказалі гучнымі апладысментамі.
Цікавымі нумарамі вызначылася намінацыя “Вакал”, якая была прадстаўлена найбольшай колькасцю канкурсантаў. Тут трэба аддаць належнае нашай моладзі за падыход да выбару рэпертуару. Песні, якія гучалі са сцэны з вуснаў юных артыстаў, мелі глыбокі сэнс і краналі за жывое. Напрыклад, канкурсантка з Тэльмаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна Елізавета Касцецкая выступіла з песняй на словы Сафіі Тарасавай “Вер мне” і закранула тэму сіроцтва.
У намінацыі “Харэаграфія” хацелася б адзначыць флэшмоб у выкананні танцавальнага калектыву СШ № 2. Творчы нумар “Школа – гэта дзяцінства, гэта юнацтва, гэта наша жыццё” на некалькі хвілін даў магчымасць прысутным вярнуцца ў бесклапотную школьную пару.
І без таго добры настрой гледачоў падвоілі выхаванцы акрабатычна-цыркавога гуртка “Вяснушкі” Кобрынскага Палаца культуры”, якія выступілі ў намінацыі “Арыгінальны жанр” з  акрабатычнымі эцюдамі, жангліраваннем, гульнёй з абручамі. Новай для фестывалю стала намінацыя “Калектыў народнай музыкі і песні”, у якой удзельнічаў калектыў Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа – ансамбль “Світанак” (кіраўнік Віктар Селядцоў).
Багата эмоцый выклікалі ў аўдыторыі і іншыя канкурсанты. Аднак спаборніцтва на тое і ёсць спаборніцтва, каб мець сваіх пераможцаў. Узнагароджанне канкурсантаў, якім усміхнулася ўдача, на правах лідара аб’яднання-арганізатара, правяла першы сакратар Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Людміла Чырун. На першай пазіцыі апынуліся ў намінацыі “Вакал” –  Вікторыя Дубок (старэйшая ўзроставая група) і Ганна Галаўко (малодшая ўзроставая група), у намінацыі “Арыгінальны жанр” – акрабатычна-цыркавы гурток “Вяснушкі”. Танцавальны калектыў хлопчыкаў Кобрынскага ліцэя сферы абслугоўвання за танец “Перапынак” атрымаў перамогу ў намінацыі “Харэаграфія”. Лепшымі акцёрамі сталі вучні сярэдняй школы № 2 горада Кобрына Елізавета Барылюк, Ірына Юр’ева, Таццяна Арлоўская, якія прадставілі інсцэніроўку “Экзамен па фізіцы”. У намінацыі “Калектыў народнай музыкі і песні” перамог ансамбль “Світанак”. Адразу двума першымі месцамі вызначылася намінацыя “Дызайн і мадэль”. На адной прыступцы апынуліся ўжо знаёмы нам Ілья Бялецкі і яго памочніцы, а таксама “Тэатр мод” Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання. Спецыяльны прыз ад членаў журы за глядацкія сімпатыі атрымала вучаніца сярэдняй школы № 6 Яна Вышынская.
У тэму: у межах фестывалю-конкурсу маладзёжнай творчасці “Млын ідэй” адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапа рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі” вучня СШ № 6 горада Кобрына Уладзіміра Гангала і педагога Віктара Лагвіновіча. Падзякі і памятныя сувеніры ад ГА “БРСМ” атрымалі прадстаўнікі “пярвічак” Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, якія актыўна паўдзельнічалі ў акцыі “За любімую Беларусь!”: СШ №№ 1, 2, 6, 7, д/с-СШ № 4, гімназія г. Кобрына.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *