Каждый год Кобринский ГПЛСО принимает участие разных выставках и конкурсах

“Праз творчасць – да майстэрства”
Штогод Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сферы абслугоўвання прымае ўдзел у розных выстаўках і конкурсах. У пачатку бягучага года ліцэісты ўжо рыхтуюцца да наступнага выпрабавання – удзелу ў конкурсе “Праз творчасць – да майстэрства”.
Як адзначыла намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Людміла Мамайка, адметнасць гэтага года ў тым, што навучальнай установе прапанавалі выставіць свае работы адразу на рэспубліку, мінаючы абласны этап. Такая прапанова яшчэ раз падкрэслівае, што ўзровень работ навучэнцаў вельмі высокі. Пераканацца ў гэтым можна на агульналіцэйскай выстаўцы, на якой прадстаўлены работы 19 творчых аб’яднанняў розных напрамкаў. Тут выстаўлены швейныя вырабы, дэкупаж, лепка з цеста і гіпсу, фатаграфія, упрыгожванні з бісеру, канзашы (упрыгожванні для валос з тканіны), куклы Цільды і іншыя. Усяго – больш за 350 экспанатаў.
Прадстаўленыя вырабы сведчаць пра тое, што ў ліцэі надаецца ўвага захаванню аўтэнтычнай культуры. Так, удзельніцы творчага аб’яднання “Фантазія” пад кіраўніцтвам Алы Хрушч вышыўкай крыжыкам надаюць сучасны выгляд старадаўнім рушнікам, сурвэткам, фартухам. Дзяўчаты стараюцца усё рабіць разам, а ідэі знаходзяць у фотаздымках кобрынскіх строяў, у скрынях сваіх бабуль, штосьці дадумваюць самі. Дарэчы, сярод работ названага аб’яднання ёсць вырабы, якія ўжо прымалі ўдзел у розных выстаўках і займалі прызавыя месцы.
А вось удзельнікі творчага аб’яднання “Рукадзельніца“ падымуць настрой любому, хто зірне на калекцыю “Фарбы лета”. На сукенках, хустачках, спадніцах “пасяліліся” прыгожыя рознакаляровыя кветкі, прычым многія з іх вышыты крыжыкам.
Людміла Мамайка паведаміла, што ў творчыя аб’яднанні стараюцца прыцягнуць і хлопцаў. Па словах намесніка дырэктара, у іх даволі ўдалымі атрымаліся фатаграфіі, і ліцэй будзе іх прапаноўваць на ўдзел у рэспубліканскім этапе конкурсу “Праз творчасць – да майстэрства”. Акрамя гэтага, хлопцы займаюцца пляценнем карзінак з газет і часопісаў, дапамагаюць ствараць лялькі і наогул займаюцца амаль што ва ўсіх творчых аб’яднаннях.
Безумоўна, каб нешта стварыць, патрэбны пэўныя матэрыялы. Калі для пляцення карзін з бібліятэкі бяруцца спісаныя перыядычныя выданні, то для калекцый адзення патрэбны грашовыя затраты. Штосьці купляецца за кошт заробленых ліцэем сродкаў ад продажу сваіх вырабаў, а некаторыя матэрыялы дзеці набываюць самі. Але вынік апраўдвае намаганні.
Што датычыцца адбору работ на рэспубліканскі этап конкурсу, то на момант нашага візіту ў ліцэй майстры чакалі камісію з Мінска, якая і параіць, што можна прадставіць у першую чаргу. Застаецца пажадаць навучэнцам поспехаў і новых творчых ідэй.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Ала Хрушч з удзельніцамі творчага аб’яднання “Фантазія” са сваімі работамі; Людміла Мамайка дэманструе калекцыю “Краскі лета” творчага аб’яднання “Рукадзельніца“.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *