На Кобринщине поднялся класс пожарной опасности до красного уровня.
Спякотнае надвор’е, якое ўсталявалася ў нашым рэгіёне ў апошні тыдзень, падняло клас пажарнай небяспекі да чырвонага ўзроўню. Паралельна таму, як слупок тэрмометра паднімаецца вышэй за адзнаку 30, узмацняецца рэжым работы структурных падраздзяленняў Кобрынскага доследнага лясгаса. Якім чынам наладжана работа па прадухіленні пажараў у лясных масівах, расказаў выконваючы абавязкі інжынера па ахове лесу, інжынер-лесапатолаг Васіль ВОЛК.
– Нагадаю, што з мэтай папярэджання ўзнікнення лясных і тарфяных пажараў на тэрыторыі раёна з 12 чэрвеня ўведзена забарона на наведванне лясоў. У сувязі з гэтым у Кобрынскім доследным лясгасе ўведзены ўзмоцнены рэжым па адследжванні пажаранебяспечных сітуацый. Сумесна са службай Кобрынскага РАНС штодзённа праводзім рэйды. Сітуацыя з пажарамі адследжваецца з 4-х пажарна-назіральных вышак, 3 з якіх абсталяваны камерай відэаназірання, рэгулярна вядзецца патруляванне лясоў, у тым ліку і авіяпатруляванне. Устаноўлены шлагбаўмы ўздоўж аўтамабільных дарог, аншлагі на прыродаахоўную тэматыку. Праводзіцца агітацыйна-масавая работа сярод насельніцтва па правілах пажарнай небяспекі.
За гэты тэрмін здарылася 2 лясныя пажары ў Пятровіцкім лясніцтве (Жабінкаўскі раён) – 16 і 17 ліпеня за вёскамі Старое Сяло і Філіповічы адпаведна. 4 жніўня ля вёскі Павіцце гарэла звалка. Была непасрэдная небяспека ўзгарання маладога сасняку. На ліквідацыю выязджалі супрацоўнікі лясгаса, Кобрынскага РАНС і Кобрынскай ЖКГ. Зараз нашы работнікі ўдзельнічаюць у ліквідацыі пажару ў Палескім лясгасе ў Давыд-Гарадку, дзе раней быў ваенны палігон.
У ахове лясных угоддзяў задзейнічаны ўсе 136 чалавек дзяржаўнай лясной аховы нашага лясгаса, у тым ліку створана 8 лесапажарных каманд у колькасці 53 чалавекі. Пры лясгасе і ў Дзівінскім, Запрудскім і Пятровіцкім лясніцтвах функцыянуюць пажарна-хімічныя станцыі другога тыпу. Для тушэння пажараў у нас ёсць усё неабходнае.
Згодна са статыстыкай, большасць пажараў адбываецца па віне людзей. Напрыклад, у Пятровіцкім лясніцтве ў абодвух кварталах, дзе адбыліся ўзгаранні, растуць чарнічнікі. Відавочна, што ачагом пажараў сталі аматары “ціхага палявання”.
За 7 месяцаў бягучага года ў адносінах да парушальнікаў было складзена 50 пратаколаў, 22 з іх – у ліпені. Хачу звярнуць увагу на важны момант: калі раней мы выдавалі дазволы на наведванне лесу, то з-за высокага класу пажарнай небяспекі зараз наведванне, акрамя супрацоўнікаў установы аховы лесу, строга забараняецца.
Гутарыла Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) вадзіцель пажарнай машыны Уладзімір Сідарук, в. а. інжынера па ахове лесу Васіль Волк і работнік пажарна-хімічнай станцыі Юрый Гадулька.
Фота аўтара.