Школьный базар в Кобрине.
Да пачатку новага навучальнага года застаецца зусім мала часу. І хоць дзеці яшчэ цешацца канікуламі на поўную моц, іх бацькі ўжо цалкам паглыбіліся ў школьную атмасферу. Прыдбаць усе неабходныя для школы атрыбуты – справа адказная, таму і пачынаюць яе дарослыя загадзя.
У дапамогу бацькам у горадзе пачалі сваю работу школьныя базары. Тавары школьнага асартыменту рэалізуюцца на малым рынку Кобрынскага райспажыўтаварыства па вуліцы Кастрычніцкай, 4, з 9.00 да 16.00 гадзін, за выключэннем выхадных дзён. Гэтая гандлёвая кропка будзе працаваць да 29 жніўня. Усё неабходнае для школы можна набыць і ў гандлёвай кропцы ААТ “Універмаг “Кобрын” па вуліцы Леніна, 13, з 10.00 да 16.00 гадзін штодзённа да 5 верасня. З панядзелка па пятніцу з 13.00 да 18.00 гадзін да 28 жніўня будзе ажыццяўляцца гандаль канцылярскімі таварамі ПУП па аказанні паслуг “Консулгруп” у раёне магазіна “Дабрыня”, што ў былым ваенным гарадку. У выхадныя дні тавары школьнага асартыменту можна набыць у гандлёвай кропцы на скрыжаванні вуліц Паўднёвай і Мопраўскай (раён вялікага рынку) з 09.00 да 14.00 гадзін да 6 верасня.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.
У Брэсцкай вобласці ў перыяд з 15 ліпеня па 7 верасня запланавана правесці 155 школьных кірмашоў, з іх 125 – у выхадныя дні, а таксама звыш 370 выстаў-продажаў. Пашыраны продаж тавараў школьнага асартыменту ажыццяўляюць каля 1000 гандлёвых аб’ектаў прадпрыемстваў гандлю розных форм уласнасці. У 292-х з іх рэалізуюцца адзенне і абутак.
Шырокі асартымент адзення, трыкатажных, скургалантарэйных вырабаў падтрымліваецца дзякуючы прадпрыемствам канцэрна “Беллегпрам” і ТДА “Панда” (Брэст), ААТ “Дылма Плюс” (Драгічын), “ПанМод”, “Формель” (Мінск) і іншым. Буйныя гандлёвыя прадпрыемствы вобласці прадугледзелі скідкі шматдзетным сем’ям, продаж тавараў школьнага асартыменту ў растэрміноўку і крэдыт.
Падрабязная інфармацыя аб прадастаўленні пакупнікам скідак, аб датах і месцах правядзення школьных кірмашоў у вобласці размешчана на афіцыйным сайце Брэсцкага аблвыканкама ў раздзеле “Гандаль”.