Визит Ставропольского края на Брестчину.

У лютым гэтага года на Стаўраполлі прайшлі Дні эканомікі Брэсцкай вобласці. Мерапрыемствам у адказ стаў візіт дэлегацыі Стаўрапольскага краю на Берасцейшчыну.
У час сустрэчы паміж кіраўнікамі двух рэгіёнаў і прадстаўнікамі эканамічных структур былі абмеркаваны пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферах машынабудавання і сэрвіснага абслугоўвання сельгастэхнікі, перапрацоўчай прамысловасці, курортна-турысцкай дзейнасці. Губернатар Стаўрапольскага краю Уладзімір Уладзіміраў паведаміў, што тавараабарот паміж Стаўраполлем і Брэстчынай за апошнія дзесяць гадоў павялічыўся ўдвая, склаўшы ў 2014 годзе 120 мільёнаў долараў. “Гэта значэнне можа і павінна быць павялічана, у тым ліку праз развіццё партнёрскіх сувязяў з Брэсцкай вобласцю”, – падкрэсліў ён.
Аднак мэтай прыезду стаўрапольцаў стала не толькі эканамічнае супрацоўніцтва, але і ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных, хай і сумнай, але знакавай для нашых краін даце – 74-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Тым больш, што ў склад дэлегацыі ўвайшлі ветэраны, многія з якіх ваявалі на тэрыторыі Беларусі. “У гэтым годзе мы шырока адзначылі 70-годдзе Вялікай Перамогі. І ўдвая прыемна, што дэлегацыя Стаўраполля прыбыла да нас напярэдадні другой найважнейшай даты, звязанай з вайной”, – адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс.
Не выпаў з-пад увагі гасцей са Стаўраполля і Кобрын. Дзіцячая частка дэлегацыі мела магчымасць пазнаёміцца з нашым горадам, наведаць ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава і адпачыць у аквапарку.
У Беларусь у якасці ўзнагароды за свае музычныя поспехі прыехалі 9 удзельнікаў тысячнага зводнага дзіцячага хору Стаўрапольскага краю. Усе яны – навучэнцы розных музычных школ Стаўрапаля і суседняга з ім Міхайлаўска. Зводны хор – калектыў малады. Ён існуе ўсяго некалькі месяцаў, і яго дэбютным выступленнем стаў канцэрт 9 мая на галоўнай плошчы Стаўрапаля.
– Некаторыя з прыехаўшых да вас дзяцей спявалі на закрыцці Алімпіяды ў Сочы, а нехта выступаў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу ў складзе зводнага дзіцячага хору Расіі, – прадставіла юных артыстаў кіраўнік дзіцячай групы Ірына Шахар’янц.
Унікальная магчымасць пачуць лепшыя дзіцячыя галасы Стаўраполля была і ў дзяцей, адпачываючых у гэтыя дні ў ДРАЦ “Колас”. Імправізаваны канцэрт, якому папярэднічала ўсяго адна рэпетыцыя, атрымаўся на славу. Гром апладысментаў у знак удзячнасці дарылі гледачы: шыкоўныя вакальныя даныя і жывое, эмацыянальнае выкананне пакарылі публіку.
Пакідалі стаўрапольцы Кобрыншчыну ў прыемным настроі, уражаныя чысцінёй і ўтульнасцю нашага горада.
Наталля НІЖНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *