“Ваўкі”: прэм’ера ў Кобрыне!

З 20 па 24 чэрвеня на Брэстчыне праходзіў VII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў, галоўным ініцыятарам якога выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і РУП “Нацыянальная кінастудыя ”Беларусьфільм”. За невялікі адрэзак часу ўвазе кінааматараў было прадэманстравана 53 гульнявыя, негульнявыя, дакументальныя і анімацыйныя стужкі. У межах гэтага форуму былі праведзены творчыя сустрэчы кінарэжысёраў і артыстаў з гледачамі.
Прыемна, што і Кобрыншчына не засталася ў баку ад знакавай падзеі ў культурным жыцці вобласці. Так, у мінулы аўторак у кінатэатры “Радуга” адбыўся прэм’ерны паказ кінафільма айчыннай вытворчасці “Ваўкі” рэжысёра Аляксандра Колбышава, які быў удастоены Гран-пры фестывалю. Дарэчы, у Мінску дэманстравацца на вялікім экране гэты твор будзе толькі ў кастрычніку.
Фільм зняты паводле аднайменнага апавядання Аляксандра Чакмянёва. Сцэнарый быў створаны ў 1966 годзе і доўгі час ляжаў, як кажуць, у стале. Падзеі стужкі “Ваўкі” разгортваюцца ў няпросты пасляваенны час, калі яшчэ дзейнічалі сталінскія рэпрэсіі. Гэта трагічная, напоўненая псіхалагічным напружаннем драма распавядае пра сапраўдную любоў да родных, блізкіх, пра зносіны паміж людзьмі ў тагачасным грамадстве.


Напярэдадні кінасеанса карэспандэнту “КВ” дала эксклюзіўнае інтэрв’ю адна з выканаўцаў галоўных роляў – Святлана Нікіфарава.
– Святлана, ваш твар не зыходзіць з экранаў расійскага кіно. Вы жывеце і працуеце ў Расіі?
– Сапраўды, я часта здымаюся ў расійскім кіно ў Маскве і ў Санкт-Пецярбургу. Мае работы можна пабачыць у шэрагу серыялаў, у тым ліку і ў “Каменскай”. Жыву цяпер ў Мінску – на сваёй радзіме. Але часта расійскія рэжысёры прыязджаюць працаваць да нас і выкарыстоўваюць базу “Беларусьфільма”. Нават Нікіта Міхалкоў цікавіўся магчымасцю работы на Беларусі. Расіянам падабаецца мясцовая ўнікальная прырода, тыпажы людзей. Прыемна, што паступаюць прапановы і ад беларускіх рэжысёраў. Працаваць дома – адно задавальненне.
– А дзе і ў якіх умовах праходзілі здымкі фільма “Ваўкі”?
– У самых розных месцах. Але пераважна ў Мінскай вобласці. Рэжысёр ад нас дамагаўся рэалістычных сцэн, каб глядач поўнасцю пераканаўся ў іх сапраўднасці. Часам работы быў выбраны зімовы перыяд. Мякка скажам, на марозе і ветры працаваць некамфортна. Быў нават эпізод, калі акцёры акуналіся ў палонку. Дзякуй Богу, усе засталіся жывыя, здаровыя, ніхто не захварэў.
– Цяжка было выконваць ролю жонкі Кірыла Палятаева?
– Прызнацца шчыра – няпроста. У гераіні складаны ўнутраны свет – яна валявая і нават дзесьці жорсткая жанчына. У мяне зусім іншы характар. Ператварыцца на экране ў такога чалавека было цікавай задачай. Усё, што тычыцца Вялікай Айчыннай вайны – для мяне сур’ёзная і святая тэма.
Таксама сваімі ўражананнямі аб Кобрыне і кабрынчанах падзялілася народная артыстка Рэспублікі Беларусь прафесар Марыя Георгіеўна Захарэвіч, якая прыемна здзіўлена добраўпарадкаваннем вуліц, будаўніцтвам новых сацыяльных аб’ектаў, а таксама высокай культурай кабрынчан, іх любоўю да кіно.
Творчую сустрэчу перад прэм’ерным праглядам фільма “Ваўкі” у абноўленай камфартабельнай вялікай зале кінатэатра “Радуга” адкрыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук, якая падзякавала арганізатарам кінафестывалю за цудоўную магчымасць правесці яго на Кобрыншчыне. Таксама выступілі госці, якія расказалі аб асаблівасцях сёлетняга кінафоруму, паабяцалі зноў прыехаць у наш горад.
Паводле слоў дырэктара кінатэатра “Радуга” Руслана Грышко, паказ фільма “Ваўкі” для шырокай аўдыторыі ў Кобрыне распачнецца ў пачатку ліпеня. Сачыце за анонсамі!
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і яе калега Святлана Нікіфарава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *