История Кобрина

Кобрын — горад у Брэсцкай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Кобрынскага раёна, на сутоках р. Мухавец і Дняпроўска-Бугскага канала. У 52 км ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. Насельніцтва 50,5 тыс. чал. (2006).

Паводле археалагічных звестак, у межах раёна налічваецца больш за 20 населеных пунктаў, каля якіх размяшчаліся старажытныя стаянкі. Археалагічныя пошукі ўпершыню былі праведзены ў 1889 г. паводле распараджэння галоўнага кіраўніцтва паветаў па Гродзенскай губерні. Мясцовымі жыхарамі і вучонымі была сабрана значная калекцыя прылад працы, прадметаў побыту, зброі і іншых рэчаў першабытнага чалавека.

Першыя людзі ў гэтых мясцінах з’явіліся прыкладна 14 тысячагоддзяў таму, у канцы старажытнага каменнага веку (верхняга палеаліту). Менавіта перад гэтым магутны ледавік, што займаў поўнач Беларусі, адышоў да Скандынавіі, пачалося пацяпленне клімату. Тагачасныя плямёны ішлі з паўднёвага захаду і захаду, рухаючыся па далінах буйных рэк. Да пачатку сярэдняга каменнага веку (мезаліту, 9–5-е тысячагоддзі да н.э.) яны ўжо добра асвоілі землі ўсяго заходняга Палесся і Панямоння. Паступова старажытныя плямёны набылі спецыфічныя, характэрныя толькі для іх, рысы, якія праяўляліся ў формах вырабу прылад працы і зброі, канструкцыі жытла і г.д.

Такія комплексы вучоныя называюць археалагічнымі культурамі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб т.зв. свідэрскай культуры, якая ў 10–7-м тысячагоддзях да н.э. займала сучасную Мазовію (Польшча) і заходнюю Беларусь. Асноўнымі заняткамі свідэрскіх плямён былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. У пошуках багатых дзічынай угоддзяў яны перыядычна пакідалі абжытыя мясціны. Палявалі пераважна пры дапамозе лука і стрэл з крамянёвымі наканечнікамі. 3 крэменю выраблялі і прылады працы: разцы, скрэблы, нажы, сякеры і інш., а з рагоў і касцей — цёслы, гарпуны і рыбалоўныя кручкі. 3 дапамогай гэтых прылад людзі апрацоўвалі шкуры жывёл, шылі скураное адзенне.

У час мезаліту плямёны рабілі свае стаянкі каля вады, на пясчаных пагорках. Звычайна будавалі некалькі жытлаў (з жэрдак, галля, шкур), у якіх пражывала адна мацярынская радавая абшчына. На Кобрыншчыне знойдзена пакуль адзіная такая стаянка (за 5 км на паўночны ўсход ад Дзівіна, каля возера Любань).

У канцы 5-га тысячагоддзя да н.э. на Палессі пачаўся новы каменны век (неаліт). Рыбалоўства набывае першараднае значэнне, апярэджваючы паляванне. З’яўляецца гліняны посуд, паляпшаецца апрацоўка каменю, косці і рогу, пашыраюцца віды прылад, павялічваецца і колькасць паселішчаў, а таксама жытлаў у іх.

У 4–3-м тысячагоддзях да н.э. Кобрыншчыну насялялі плямёны нёманскай культуры. Яе адметная асаблівасць — вастрадонны гліняны посуд з арнаментам, што наносіўся гарызантальнымі пасамі, часта з дапамогай грэбеня. Трапляюцца і першыя, зробленыя з крэменю сярпы, што сведчыла аб пачатку земляробства, а, відаць, і жывёлагадоўлі. Сустракаюцца ў гэтых слаях і вырабы іншых суседніх культур, напрыклад, прывіслінскіх плямён з захаду, што рухаліся на Палессе. Неалітычныя старажытнасці на тэрыторыі Кобрынскага раёна выяўлены ў некалькіх месцах: крамянёвыя наканечнікі стрэл і іншыя прылады знойдзены ў згаданай стаянцы каля Дзівіна ў пясчаных кар’ерах каля в. Хабовічы. У Варшаўскім археалагічным музеі захоўваецца касцяны наканечнік стралы, знойдзены ў тарфяніку каля в. Літвінкі. Неалітычнае паселішча складалася з некалькіх жытлаўхацін, у якіх магло жыць да дзесяці чалавек. Часцей іх будавалі проста на зямлі, але сустракаюцца і паглыбленыя (зямлянкі), а таксама на палях. Пасярэдзіне размяшчалася невялікае агнішча, абкладзенае камянямі.

У пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. амаль усю тэрыторыю Беларусі займаюць шматлікія прышлыя плямёны блізкіх археалагічных культур. Гэта быў час культуры шнуравой керамікі (гліняны посуд арнаментаваўся адбіткамі шнура). «Шнуравікі» выказвалі і сваю ваяўнічасць: даволі частыя знаходкі шліфаваных сякер з прасвідраванымі адтулінамі. Таму іх яшчэ называюць плямёнамі баявых сякер. Неўзабаве сталі выкарыстоўвацца і прылады з бронзы. «Шнуравікі» прынеслі на мясцовыя землі бронзавую эпоху. У 1-й палове 2-га тысячагоддзя да н.э. вядучымі формамі гаспадаркі становяцца земляробства і жывёлагадоўля.

На тэрыторыі Кобрыншчыны, як і ўсёй паўднёва-заходняй Беларусі, вылучана палеская група шнуравой керамікі. Тагачасныя жыхары сяліліся па пясчаных узвышшах і надпоплаўных тэрасах. Іх жытлы звычайна паглыбляліся ў зямлю (катлаван 2,5×5 м) і абкружаліся сценкамі са слупоў. Нябожчыкаў хавалі ў грунтавых ці падкурганных пахаваннях у скурчаным становішчы. У магілу клалі вырабы з керамікі, баявыя сякеры з каменю і бронзы. Часцей за ўсё трапляюцца каменныя шліфаваныя сякеры (асабліва ў паўднёвай частцы раёна). У школьным музеі ў Навасёлках, які стварыў мясцовы настаўнік гісторыі А. Дронец, выстаўлена больш за 40 такіх прадметаў.

У сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. ва ўсходняй Полыпчы, паўночнай Украіне і паўднёвай Беларусі сфарміравалася т.зв. тшцінецкая археалагічная культура (назва ад польскага паселішча Тшцінец). Яе прадстаўнікі ўжо моцна былі звязаны з земляробствам. Іх прылады па-ранейшаму вырабляліся з каменю (крэмень), аднак пашырыўся асартымент і бронзавых вырабаў: кінжалы, бранзалеты, шпількі, пярсцёнкі. У арнаментацыі глінянага посуду зніклі адбіткі шнура, пераважала аздабленне ў выглядзе паралельных рысак, што апяразвалі гаршкі ў верхняй частцы. Дарэчы, многія даследчыкі лічаць прадстаўнікоў тшцінецкай культуры продкамі славян.

Слядоў пражывання людзей у бронзавым веку на Кобрыншчыне знойдзена даволі шмат: на левабярэжжы р. Мухавец, непадалёк ад в. Турная, чакаюць сваіх даследчыкаў паселішчы эпохі бронзы каля вёсак Акцябр, Аніскавічы, Варатынічы, Кустовічы, Ліпава, Малы Рудзец, Мяфёдавічы, Прылукі, Худлін і інш. Тыповыя вырабы бронзавага веку (каменны малаток, крамянёвы серп і баявыя сякеры) выяўлены на беразе р. Кобрынка на захад ад в. Кісялёўцы. Каля в. Гарадзец у тарфяніку знойдзены апрача баявых сякер рэшткі дубовага чоўна.

На жаль, час, які прыпадае на апошняе тысячагоддзе да н.э., у заходнім Палессі практычна не вывучаўся.

    Эпоха жалеза на Палессі пачалася ў VII ст. да н.э. Сыравіна — балотная руда — была побач. Жалеза выраблялася ў невялікіх печах-домніцах, у якія загружалася руда і драўняны вугаль. Скуранымі мяхамі праз сапло раздзьмухвалі агонь, даводзілі тэмпературу ў такой печы да 700–1200°С, дастатковую для выплаўкі порыстай жалезнай масы — крыцы.

Пачатак жалезнага веку ў заходнім Палессі звязваюць з усходнепаморскай археалагічнай культурай. Аднак этнічная прыналежнасць плямён застаецца няяснай. Адны даследчыкі лічаць іх славянамі, іншыя — германцамі ці балтамі. Таму не вырашана і пытанне, якія плямёны насялялі Кобрыншчыну пасля II ст. н.э., калі ўсходнепаморская культура спыніла сваё існаванне. Праз гэту тэрыторыю тады перамяшчалася мноства плямён, у т.л. готы, гепіды і інш. Комплекс іх старажытнасцей (II–IV ст. н.э.) атрымаў назву вельбарскай археалагічнай культуры. Яна знікае ў IV ст. н.э. Хутчэй за ўсё яе плямёны былі асіміляваны мясцовым насельніцтвам.

Выраб з жалеза трывалых прылад даваў магчымасць старажытнаму чалавеку смялей наступаць на лясы, заваёўваючы новыя плошчы для пасеваў. У выніку гаспадарчай дзейнасці пачаўся працэс распаду першабытных адносін і з’яўлення вялікіх патрыярхальных сямей.

Першыя сталыя паселішчы славян узнікаюць у заходнім Палессі ў VI–VII ст. Нельга ўпэўнена сказаць, з якімі мясцовымі плямёнамі ім давялося сустрэцца. Можа, гэта былі патомкі кельтаў, готаў ці яцвягаў — спрэчкі аб гэтым яшчэ працягваюцца. Напрыклад, у заходнееўрапейскіх пісьмовых крыніцах племя яцвягаў (судова, судзіны) упамінаецца ўжо ў II ст. н.э. як народ, што жыў недзе на ўсход ад Віслы. Дарэчы, у мясцовай тапаніміі нярэдка сустракаюцца назвы тыпова неславянскага паходжання. Пакуль што археолагамі знойдзена ўсяго некалькі каменных курганоў у басейне р. Лясная, якія сведчаць аб прысутнасці тут у даўнія часы яцвягаў.

З’яўленне славян у заходнім Палессі звязваецца з рассяленнем плямён дулебаў. Паводле летапісу, у пачатку VII ст. яны «…живяху по Бугу, где ныне велыняне…». Адсюль, прасоўваючыся па Мухаўцы, дулебы дасягнулі Кобрыншчыны. Прынамсі, старажытнасці VI–IX ст. выяўлены каля в. Басяч і на Кобрынскім замчышчы. Але канчатковых вывадаў па пытаннях аб племянной прыналежнасці насельніцтва Брэсцкага Пабужжа і Кобрыншчыны пакуль няма. На падобныя пытанні адказ могуць даць далейшыя археалагічныя даследаванні.

Праведзеныя раскопкі паказалі, што ў той час разам з грунтавымі сустракаюцца пахаванні спаленых астанкаў пад курганамі. Як і раней, у іх мала металічных рэчаў. Толькі ў некаторых трапляюцца кольцы з бронзавага дроту, жалезныя нажы і інш. Плошча славянскага жытла дасягнула 30 м2. Печы з гліны і каменю размяшчаліся часцей у правым далейшым ад увахода куце. Нярэдка каля жытла будаваліся клеці для захоўвання збожжа. Сустракаюцца і іншыя гаспадарчыя будынкі, нават рамесныя майстэрні. 3 IX ст. на Палессі пашырыўся ганчарны круг. Яшчэ сярод стараславянскіх помнікаў VIII–IX ст. трапляюцца культавыя збудаванні — капішчы з выявамі язычніцкіх ідалаў, слядамі рытуальных агнішчаў і камянямі-ахвярнікамі.

У X ст. з прыняццем хрысціянства ў палескіх славян адбываецца паступовы пераход ад абраду трупаспалення да трупапалажэння пад курганамі. На Кобрыншчыне захавалася толькі 5 могільнікаў, у якіх налічваецца больш за 20 курганоў. Гэта невялікія круглыя насыпы вышынёй ад 0,4 да 1,5 м, дыяметрам 4–15 м. Самы вялікі могільнік знаходзіцца каля в. Засімы. 12 курганоў размешчаны ў лесе, на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Малодча. Яны выцягнуты ланцужком уздоўж правага берага р. Дахлаўка. Мясцовыя жыхары называюць іх «шведскімі магіламі». Падобна, як і жыхары в. Кісялёўцы называюць «французскімі магіламі» курганы ва ўрочышчы Ямішча. Аднак археалагічныя раскопкі не пацвердзілі гэтыя народныя легенды. У курганных могільніках пахаваны славяне X–XIII ст., продкі сучасных жыхароў.

На жаль, большасць курганоў не захавалася. Яны паступова разбураліся прыродай і асабліва гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Менавіта ў апошнія дзесяцігоддзі зніклі могільнікі каля вёсак Басяч, Грушава, Мацы. Адзінкавыя пахаванні засталіся яшчэ каля вёсак Залессе і Ілаўск.

У пахаваннях славянскіх воінаў акрамя сякер трапляюцца нажы, наканечнікі коп’яў і стрэл, паясныя спражкі, мячы. У мужчынскіх пахаваннях знаходзяць крэсівы, тачыльныя брускі, бронзавыя і жалезныя гузікі, рэшткі драўляных вёдзер, у якія клалі ахвярную ежу. Болыы разнастайны інвентар жаночых пахаванняў: шкляныя, каменныя і металічныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнкі, бранзалеты, упрыгожанні з серабра. Як правіла, у кожным кургане пахаваны адзін нябожчык. Часам трапляецца па 2–3 і болей шкілетаў. Сустракаюцца і курганы без пахаванняў — кенатафы, якія насыпаліся пасля трызны па сваяку, што прапаў без вестак ці загінуў на чужыне.

Паселішчы славян X–XIII ст. на Палессі па-ранейшаму размяшчаліся на ўзвышшах каля рэк, азёр і сярод балот. Адбываецца паступовы пераход ад паўзямлянак да наземных зрубных дамоў. Побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы розных канструкцый. Яны і складалі паселішча, звычайна невялікае, усяго да дзесятка сядзіб. Праўда, сустракаюцца і вельмі буйныя: 80–100 сядзіб.

У X–XIII ст. на месцы старажытных паселішчаў узнікаюць першыя гарады — Бярэсце і Пінск (XI ст.), Камянец і Кобрын (XIII ст.), хоць гэта датаванне паводле першага пісьмовага ўпамінання.


Инструкция по Установке межкомнатных дверей. . Специалисты из "Clean Expert" гарантируют быструю химчистку ковров спб для всех клиентов.