Открытый диалог на Кобринщине продолжается


Чарговы адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” адбыўся на базе ўстановы “Рэдакцыя раённай газеты “Кобрынскі веснік” і праграмы “Кобрынскае раённае радыё”. Прасцей кажучы, у нас.
Як адзначыла першы сакратар Кобрынскага РК ГА «БРСМ» Людміла Чырун, рэдакцыю наведалі невыпадковыя маладыя людзі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у інфармацыйных рэсурсах родных устаноў. А вучаніца сярэдняй школы № 6 Наталля Актысюк з журналістыкай плануе звязаць жыццё.

Для размовы з моладдзю ў нашу рэдакцыю завіталі старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Віктар Казак і карэспандэнт Кобрынскага тэлебачання Маргарыта Саўчук. Адкрыты дыялог пачаўся з уступнага слова галоўнага рэдактара нашай газеты Рамана Мельніка. Ён засяродзіў увагу прысутных на важнасці праекта “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”, які праводзіцца ў форме адкрытага дыялогу і дае магчымасць маладым людзям выказаць свае думкі, падзяліцца планамі і са сваёй ініцыятывай дайсці да ўлады. Раман Васільевіч падкрэсліў: актыўная грамадская пазіцыя ёсць рухавік прагрэсу. Ён асабіста пазнаёміўся з кожным удзельнікам дыялогу.
Віктар Казак расказаў моладзі пра грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Для вызначэння жыццёвых установак маладых людзей, правёў сярод іх бліц-апытанне на тэму, што такое шчасце. Маладыя людзі з задавальненнем выказвалі свае меркаванні.
Галоўнай жа мэтай правядзення дыялогу на базе нашай рэдакцыі стала абмеркаванне пытання: “Якой сёння павінна быць газета?” Як высветлілася ў ходзе гутаркі, ад СМІ моладзь чакае большай аператыўнасці ў падачы інфармацыі. Паступіла прапанова больш пісаць пра падзеі, якія адбываюцца ў навучальных установах горада і раёна. Маладыя людзі заўважаюць, што з кожным годам усё менш становіцца нашых ветэранаў. “Ім патрэбна наша ўвага”, — выказванне, як мне здалося, маладыя людзі больш адрасавалі адзін аднаму як падахвочванне да дзеяння.
Віктар Казак засяродзіў увагу моладзі на тым, што не трэба баяцца выказваць уласнае меркаванне, іншым разам у абрыўках думкі ёсць вялікі сэнс. Ён адзначыў, што ініцыятыва выклікае ўвагу ўлады, бо выпеставана на жыццёвай глебе. Калі з’явілася добрая ідэя, патрэбна зрабіць усё магчымае, каб напоўніць яе зместам.
З удзельнікамі адкрытага дыялогу была праведзена экскурсія па рэдакцыі, у час якой яны пазнаёміліся з працэсам выпуску газеты і задалі свае пытанні супрацоўнікам рэдакцыі.
Вынікі сустрэчы падвялі ў форме бліц-апытання “Мая ідэя для газеты”. Нам, у сваю чаргу, ёсць над чым паразважаць.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *