В Кобрине состоялся волейбольный турнир, посвящённый 75-летию Брестской области


4 снежня 2014 года ў спартыўнай зале Кобрынскага політэхнічнага каледжа ўвечары было шматлюдна. З нагоды 75-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці тут ладзіўся турнір мужчынскіх каманд па валейболе. Ініцыятарам спаборніцтва выступіла кіраўніцтва горада. У турніры прынялі ўдзел тры аматарскія каманды: зборная каманда кіраўнікоў Кобрынскага раёна “Вертыкаль”, клуб аматараў валейболу сярэдняй школы № 1 і зборная каманда навучэнцаў політэхнічнага каледжа.
Перад спаборніцтвам нам удалося пагутарыць з самымі юнымі яго ўдзельнікамі. Капітанам каманды політэхнічнага каледжа з’яўляецца Дзмітрый Кулік, навучэнец 2 курса, у будучым – тэхнік-будаўнік. Хлопец трапіў у каманду з першага года навучання, і ўжо трэці год гуляе за каледж. Ён прызнаўся, што валейбол дапамагае яму развівацца фізічна. А вось Андрэй Лозаў у камандзе першы год. Юнак таксама набывае спецыяльнасць “тэхнік-будаўнік” і навучаецца на 2 курсе. Ён глядзеў усе гульні, якія праводзіліся ў каледжы, а пасля і сам вырашыў паспрабаваць свае сілы. Тым больш, што склад каманды пастаянна абнаўляецца.
Як адзначыў кіраўнік фізічнага выхавання Кобрынскага політэхнічнага каледжа Аляксандр Сідзюк, іх каманда раней заўсёды ўдзельнічала ў абласной спартакіядзе сярод прафесійна-тэхнічных устаноў. Зараз, з нагоды таго, што ўстанова змяніла свой статус, іх супернікамі будуць каманды сярэдне-спецыяльных устаноў вобласці. Сам Аляксандр Фаміч – вялікі аматар валейбола, гуляе ў яго ўжо 52 гады. Ветэран спорту прызнаўся, што ў гэтым турніры выступае за каманду “Вертыкаль”, тым самым даючы магчымасць хлопцам уласнымі сіламі дабіцца перамогі.
Каманда “Вертыкаль” на чале з капітанам Аляксандрам Зазулем, існуе ўжо пяць гадоў. Яе ўдзельнікі спрабуюць свае сілы ў 8 відах спорту. На рахунку каманды ёсць значныя дасягненні: яна была прызнана чэмпіёнам вобласці, і амаль штогод з’яўляецца прызёрам абласных спаборніцтваў. Як заўважыў намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык, уласным прыкладам кіраўнікі прапагандуюць здаровы лад жыцця. Суддзёй турніра быў Васіль Знахарчук, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці КСДЮШАР. “Пераможа мацнейшы”, — такі каментарый даў нам Васіль Міхайлавіч перад пачаткам турніру.
Спаборніцтва ладзілася кругавым спосабам. Асабліва напружанай была фінальная гульня паміж камандамі клуба аматараў валейбола сярэдняй школы № 1 і юнацкай зборнай каледжа.
Па выніках турніру клуб аматараў валейбола сярэдняй школы № 1 на чале з капітанам — дырэктарам СШ №1 Аляксандрам Хурсіным апынуўся на першым месцы, на 2 — зборная каманда навучэнцаў політэхнічнага каледжа, у зборнай каманды “Вертыкаль” – трэцяе месца. Віншуем пераможцаў!

Людміла Дубіна
Фота Рамана Мельніка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *