СООО «ПП Полесье» — мировой брэнд


Шаснаццаць гадоў таму група маладых і амбіцыйных этузіястаў-бізнесменаў на чале з Андрэем Гольцманам, Пятром і Уладзімірам Ківакамі знаходзілася ля вытокаў стварэння СТАА “ВП Палессе”. А пачынаўся вялікі бізнес са сціплых крокаў. У невялічкім цэху на звычайным станку, які, дарэчы, цяпер з’яўляецца адной з рэліквій прадпрыемства і беражліва захоўваецца, як музейны экспанат, выпускаліся дзіцячыя цацкі — пірамідка, качачка і сабачка. Як вядома, шлях да поспеху заўсёды мае непазбежныя рызыкі, праблемы і турботы. Не выключэннем з гэтага правіла было і “Палессе”. Але, як сведчыць Пётр Ківака, жаданне працаваць, атрымліваць задавальненне ад творчага працэсу, усё ж такі перамагло складанасці і дало свой плён.
На сучасным этапе свайго развіцця СТАА “ВП Палессе” –буйнейшы вытворца дзіцячай цацкі з пластмасы ў Беларусі, займае адну з лідзіруючых пазіцый у рэйтынгу сярод вядучых еўрапейскіх прадпрыемстваў.
Цяпер тут выпускаецца больш за 1500 разнастайных найменняў прадукцыі з пластмасы, у тым ліку і тавараў гаспадарчага прызначэння. Як падкрэслівае Пётр Ківака, развіццё экспартнага патэнцыялу — адзін з прыярытэтных вектараў вытворчай палітыкі прадпрыемства. У менеджараў “Палесся” насычаны рабочы графік, звязаны з замежнымі камандзіроўкамі. Цацкі “Палесся” пастаўляюцца ў 36 краін свету. Зусім нядаўна пажадалі набываць кобрынскую прадукцыю аўтарытэтныя пакупнікі і з Чылі, Венесуэлы, Мексікі, Аргенціны і Канады.


Кожны год кобрынскае прадпрыемства становіцца ўдзельнікам разнастайных прэстыжных выстаў дзіцячай цацкі ў Нюрнбергу (Германія), Маскве, Новасібірску, Кіеве, удастойваецца высокіх узнагарод. Не выключэнне і бягучы год. За ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю і забеспячэнне на гэтай падставе выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі СТАА “ВП Палессе” ўдастоілася звання лаўрэата Прэміі Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці за 2013 год. Паводле слоў інжынера па ахове працы Алега Сцепанішчава, гэта заканамерны вынік, створаны намаганнямі ўсяго маналітнага калектыву “Палесся”, які, дарэчы, налічвае 2200 чалавек.


Сапраўднай “фішкай” для кабрынчан і гасцей горада стала адкрыццё новага трохпавярховага гандлёвага цэнтра “Палессе”, дзе можна набыць шырокі спектр тавараў – ад іголкі з ніткамі да аўтамабіля. Шырока тут прадстаўлена і група фірменных тавараў прадпрыемства, у тым ліку і апошніх навінак, існуе гібкая сістэма бонусаў і скідак для пастаянных кліентаў і супрацоўнікаў прадпрыемства, стартавалі навагоднія розыгрышы і акцыі. У планах – паспяхова завяршыць чарговы буйнамаштабны праект “Палесся” – будаўніцтва новага сучаснейшага завода.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКАХ: торговый центр «Полесье»;  (злева) майстар зборачнага цэха Вольга Казакевіч і спецыяліст па ўліку гатовай прадукцыі Марына Пракоп’ева; інжынер-канструктар канструктарскага бюро Аляксандр Пісарук (справа) і праграміст Аляксандр Пузанаў распрацоўваюць матэрыялы для новага віду прадукцыі; прадавец-касір гандлёвага цэнтра “Палессе” Людміла Дударава кансультуе чарговага пакупніка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *