Тепло кобринского хлеба


Першыя звесткі аб Кобрынскім хлебакамбінаце ў архіўных дакументах датаваны 1946 годам. У той час у склад яго ўваходзілі дзве хлебапякарні. У 1951 годзе Кобрынскі хлебакамбінат і райхарчкамбінат зліліся ў адну арганізацыю. Так пачалася гісторыя Кобрынскага хлебазавода. Для новаспечанага прадпрыемства быў выдзелены ўчастак з даўгабудам у цэнтры жылога квартала па вуліцы Матросава. Завяршыць будаўніцтва, якое было распачата яшчэ да вайны і будавалася гаспадарчым спосабам без праектнай дакументацыі, удалося толькі ў 1954 годзе. Першым дырэктарам Кобрынскага хлебазавода быў Міхаіл Абразцоў. Прадпрыемства вырабляла да 30 тон хлебапрадукцыі ў суткі. Попыт на хлеб быў вельмі вялікі, і ў 1958 годзе дадаткова пабудавалі булачны цэх.
31 снежня 1992 года быў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак хлебазавода па вуліцы Савецкай. Былі абсталяваны два асноўныя цэхі: хлебабулачны і кандытарскі, а таксама дапаможныя тэхнічныя службы.
За час сваёй дзейнасці прадпрыемства неаднаразова змяняла сваю назву. Цяпер гэта філіял ААТ “Берасцейскі пекар” Кобрынскі хлебазавод. Прадпрыемства выпускае высакаякасную прадукцыю, якая задавальняе пакупніцкі попыт насельніцтва горада і раёна. Тут сістэматычна вядзецца работа па абнаўленні абсталявання. Асартымент вырабаў налічвае каля 163 найменняў. У суткі тут вырабляюць 17 тон хлебабулачнай прадукцыі і 1,9 тоны кандытарскай. Арганізаваны ведамасны гандаль, які прадстаўлены пяццю магазінамі, тры з якіх – фірменныя. Ёсць уласны аўтапарк, у якім 17 адзінак транспарту.
Цяпло, з якім супрацоўнікі Кобрынскага хлебазавода ставяцца да сваёй працы, стала асновай выдатных вынікаў прадпрыемства. Хлебабулачныя і кандытарскія вырабы нашых хлебапёкаў атрымліваюць узнагароды на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах. Так, сёлета ў рэспубліканскім аглядзе якасці “Ласунак” залатым медалём адзначаны хлеб пшанічны “Ратнікаўскі”, бронзавым медалём – торт “Мара”. Шмат разоў Кобрынскі хлебазавод прымаў удзел у конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, дзе яго прадукцыя станавілася лаўрэатам.
Памятаюць на прадпрыемстве і пра ветэранаў. “Столькі клопату пра нас, такое адчуванне, быццам і не выходзіла на пенсію”, — падзялілася ветэран Кобрынскага хлебазавода Ева Навумук. Такія ўжо яны людзі, хлебапёкі, прызваныя дзяліцца цяплом.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: ветэран хлебазавода Ева Навумук (злева) і дырэктар філіяла ААТ “Берасцейскі пекар” Кобрынскі хлебазавод Аляксандр Хамук.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *