Кобринчанка Елена Воскобойник награждена Орденом матери


У сям’ю Васкабойнік я завітала з самага ранку. Дзверы адчыніла маладая прыгожая жанчына з прыветлівай усмешкай. “Вы да нас? – запыталася яна і дадала: — Будзем знаёмыя – Алена Генадзьеўна”. На нейкі момант я зніякавела. Шчыра кажучы, маму пяцярых дзяцей я ўяўляла сабе крыху інакш. Жанчына ўзяла ў рукі маё паліто і ветліва запрасіла прайсці ў пакой. На канапе дружнай чародкай сядзелі тры хлапчукі і адна дзяўчынка. Раптам перада мной з’явіўся маленькі хлапчук. Некалькі хвілінак ён з цікавасцю пазіраў на мяне, а потым узяў за руку і пацягнуў да канапы. Я паслухмяна пайшла за ім. Малы паказаў, дзе мне можна сесці, а сам уладкаваўся маме на калені і адтуль пачаў назіраць за мной.
— А ці ведаеце, дзеткі, чаму завітала да вас? – пачала размову.
— Ведаем, вы з газеты, будзеце пра нас пісаць, бо мы – шматдзетная сям’я, — разважліва сказаў старэйшы хлапчук.
— Ты маеш рацыю, я буду пра вас пісаць. Але ў газеце пішуць не пра ўсе шматдзетныя сем’і, а толькі пра самыя-самыя. Вы ж у нас такія, праўда? – пацікавілася я.
Так пачалося наша знаёмства. Дзеці з ахвотай расказвалі пра сябе.
Старэйшы Раман вучыцца ў 7-м класе сярэдняй школы № 9 горада Кобрына. Ужо не першы год займаецца боксам у КСДЮШАР, мае ўзнагароды на раённым і абласным узроўнях. “Раней захапляўся разьбой па дрэве, а зараз няма часу, бо трэніроўкі па пяць разоў на тыдні”, — расказвае хлопец. У наступным годзе плануе ісці вучыцца ў школу алімпійскага рэзерву.
Дар’я Васкабойнік усяго на год маладзейшая за брата. Яна шмат часу прысвячае вучобе, асабліва вывучэнню англійскай мовы. У мінулым годзе дзяўчынка на цэлы месяц ездзіла ў Лондан, з тых часоў марыць стаць перакладчыкам. А яшчэ яна добра малюе і спявае.
Любіць спорт і васьмігадовы Кірыл. Ужо зараз ён наведвае секцыю футбола, каб у будучым трэніраваць футбалістаў.
З задавальненнем расказаў пра сябе і пяцігадовы Антон. Хлопчык наведвае дзіцячы сад № 19. Любіць маляваць, ляпіць. “Магу скласці лега любой складанасці”, — з гонарам заўважае малы.
А пра малодшага Арцёма нам расказала мама. Яму ўсяго чатыры, вельмі няўрымслівы, цэлымі днямі бегае па кватэры па сваіх важных справах.
Нядаўна Алена Генадзьеўна была ўзнагароджана ордэнам Маці.
— А ці ведаеце вы, за што мама атрымала такую ўзнагароду? – цікаўлюся.
— За тое, што яна нас заўсёды разумее. Падтрымлівае. Дапамагае. Смачна гатуе. Заўсёды мае на нас час. Яна ніколі не крычыць. Цікавіцца нашымі справамі. Любіць нас і татку, — выказвалі свае меркаванні дзеці.
А малы Антон дадаў: “За тое, што яна ў нас прыгажуня”.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *