Для Ивана Хвирисюка звание офицера — это образ жизни


Быць смелым, адказным, мэтанакіраваным Івана Хвірысюка вучылі з дзяцінства. Бацькоўскія ўрокі не прайшлі дарэмна – ён вырас сапраўдным мужчынам. І прафесію выбраў для сябе самую што ні на ёсць мужчынскую – служэнне Радзіме. Паспяхова закончыўшы Тальяцінскае вышэйшае будаўніча-каманднае вучылішча, Іван Хвірысюк атрымаў званне афіцэра, якое з годнасцю пранёс праз многія гады службы.
Сваю афіцэрскую біяграфію пачаў пісаць за тысячы кіламетраў ад роднага Брэста, у далёкім Іркуцку. У душы ён заўсёды імкнуўся на Радзіму. На роднай Брэстчыне служыў на розных афіцэрскіх пасадах у органах унутраных спраў. Зарэкамендаваў сябе як адказны, прафесіянальны супрацоўнік. У 2006 годзе ўзначаліў Кобрынскі аддзел Дэпартамента аховы МУС РБ. А тут, пачынаючы яшчэ з 2000-га, вялося будаўніцтва адміністрацыйнага корпуса. Перад новым кіраўніком стаяла няпростая задача. Аднак ужо за год усе работы на аб’екце былі закончаны.
Пад кіраўніцтвам Івана Хвірысюка аддзел дасягнуў выдатных вынікаў. Так, у 2009 годзе вартавы пост па ахове ААТ “Масларобна-сыраробны завод” быў прызнаны лепшым у рэспубліцы, у 2013-м аддзел заняў першае месца па прафесіянальнай падрыхтоўцы сярод падраздзяленняў вобласці. І ўвогуле паказчыкі работы за апошнія гады значна палепшыліся. Пад аховай аддзела сёння 740 кватэр, 306 гаспадарчых аб’ектаў, 403 аб’екты ахоўваюцца з дапамогай трывожнай сігналізацыі, што значна больш у параўнанні з 2006 годам, калі Іван Хвірысюк узначаліў гэтае падраздзяленне.
Няўмольна ляціць час, занатоўваючы гады ў жыццёвую кнігу. 5 лістапада 2014 года ў актавай зале Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае выхаду на заслужаны адпачынак падпалкоўніка міліцыі Івана Хвірысюка. Калегі такім чынам выказалі павагу свайму начальніку за чалавечнасць, уважлівасць і справядлівасць. У Івана Іванавіча высокі аўтарытэт сярод падначаленых. Такім жа аўтарытэтам карыстаецца Кобрынскі аддзел Дэпартамента аховы на абласным узроўні. Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Алег Самасюк уручыў Івану Хвірысюку Ганаровую грамату за добрасумленную службу, уклад у развіццё іх структуры. Словы віншаванняў выказалі начальнік Кобрынскага РАУС палкоўнік міліцыі Максім Субота, ветэраны аддзела. А Вячаслаў Азарка ўручыў Івану Хвірысюку пенсіённае пасведчанне.
Узрост – паняцце суб’ектыўнае, бо званне афіцэра – гэта лад жыцця. Здароўя Вам, даўгалецця і сямейнага дабрабыту, паважаны Іван Іванавіч!
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *