Повестки в армию получили 180 юношей Кобринского региона


Раніцай 5 лістапада ля Палаца культуры было шматлюдна –180 юнакоў Кобрына і раёна ў чарговы дзень прызыўніка атрымалі павесткі ў армію.
Хваляваліся бацькі, самі хлопцы і іх дзяўчаты. Мерапрыемства адкрыў старшыня прызыўной камісіі, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык. Ён адзначыў, што служба ў арміі – гэта абавязак, школа мужнасці, станаўлення асобы, магчымасць набыць новую спецыяльнасць, якая часта становіцца запатрабаванай у жыцці. Таксама Валянцін Васільевіч адзначыў, што армія для многіх стане прыступкай у кар’ерным росце, і пажадаў хлопцам вярнуцца здаровымі і ўзмужнелымі.
Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб прызыве на тэрміновую ваенную службу зачытаў ваенны камісар Кобрынскага райваенкамата Ігар Круглоў.
Да маладога пакалення звярнуўся ветэран Вялікай айчыннай вайны Мікалай Грыневіч, які падзяліўся з рабятамі і гасцямі свята ваеннымі ўспамінамі, пажадаў юнакам служыць добрасумленна і выказаў упэўненасць у тым, што яны не падвядуць.
Да моладзі таксама звярнуўся настаяцель Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр Канцэвіч, які адзначыў, што ва ўсе часы славянскія народы абаранялі свае землі і жылі па прынцыпе “Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне”.
Святочная частка дня прызыўніка суправаджалася музычнымі і танцавальнымі нумарамі. А пасля пад усім вядомы марш “Развітанне славянкі” юнакі накіраваліся ў фае, дзе супрацоўнікі ваенкамата ўручылі павесткі.


Як паведаміў нам начальнік аддзела прызыву на воінскую службу райваенкамата Аляксей Пятроў, сёлета сталі больш жорсткімі крытэрыі да службы ў пагранічных вайсках, з-за чаго многія жадаючыя туды не змаглі трапіць. Але звычайна ў ваенкамаце прыслухоўваюцца да пажаданняў, і калі маладыя людзі адпавядаюць усім патрабаванням, іх накіроўваюць у пажаданы род войск. Найчасцей рабяты імкнуцца ў пагранічныя войскі і спецназ. Што тычыцца геаграфіі, то многія юнакі трапяць у Брэст, Мінск і іншыя гарады.
Мы пагутарылі з адным з прызыўнікоў – пераможцам раённага песеннага конкурсу “Лета-2013” Іванам Ярашуком: “Лічу службу ў арміі сваім абавязкам, які патрэбна выканаць”, — сказаў юнак. На пытанне, ці будзе прымаць удзел у самадзейнасці, Іван адказаў, што калі будзе магчымасць – то з вялікім задавальненнем.
Першыя адпраўкі ў армію пачнуцца ў сярэдзіне лістапада.

Людміла Пашковіч
На здымку: урачыстае ўручэнне юнакам павестак у армію.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *