Трудовую семью Кобринщины пополнил 191 молодой специалист


30 кастрычніка 2014 года ў будынку Кобрынскага райвыканкама адбыўся раённы семінар-вучоба маладых спецыялістаў раёна, арганізатарамі якога штогод выступаюць супрацоўнікі органаў улады. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага савета дэпутатаў Іван Даўжук, галоўны спецыяліст эканамічнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Святлана Герасімук, а таксама кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў раённага выканаўчага камітэта. У семінары паўдзельнічалі 132 маладыя спецыялісты.


Перад мерапрыемствам у мяне была магчымасць пагутарыць з імі. Хто яны, маладыя людзі, чый працоўны шлях пачынаецца з кобрынскай зямлі.

Вось заатэхнік-селекцыянер СВК “Верхалескі” Алёна Тафелюк. Скончыўшы Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж,дзяўчына вярнулася на радзіму. Праз нашу газету яна падзякавала свайму памочніку ў працы – галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Таццяне Харковіч. “З яе дапамогай я асвойваю нашу прафесію, бо тэорыя і практыка, на жаль, зусім розныя рэчы”, — зазначыла Алёна.
Пасля заканчэння Беларускага аграрнага тэхнічнага універсітэта вярнуўся ў родны горад і Дзяніс Жарын, энергетык Кобрынскай птушкафабрыкі. У яго таксама ёсць настаўнік, якому ён вельмі ўдзячны, — галоўны энергетык прадпрыемства Андрэй Дубчук. Дзянісу, як і папярэдняй нашай субяседніцы Алёне, тэорыя здаецца адарванай ад практыкі. “Навучальны працэс патрэбна пабудаваць так, каб тэарытычныя веды адразу замацоўваліся на прадпрыемствах, тады будзе лягчэй”, — выказаў уласнае меркаванне хлопец.
А вось для настаўніцы пачатковых класаў Хідрынскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Яслі-сад-сярэдняя школа” Дар’і Другак практыка з тэорыяй не розняцца. Наадварот, напрацоўкі, зробленыя ёю ў час вучобыў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка, дзяўчына выкарыстоўвае зараз пры рабоце з першакласнікамі. Удзячна яна і сваім калегам, якія пры неабходнасці заўсёды прыходзяць на дапамогу.
Агульная колькасць маладых спецыялістаў, якія сёлета папоўнілі дружную сям’ю працаўнікоў Кобрыншчыны, 191 чалавек. І гэта не толькі нашы землякі, але і маладыя людзі з іншых куткоў Беларусі.
Адкрыў семінар старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што мы жывём уэпоху, калі менавіта моладзь павінна хутка рэагаваць на выклікі часу і стаць рухаючай сілай грамадства. “Не трэба баяцца цяжкасцяў, любоў да Радзімы, да малой радзімы, пачуццё доўгу, павага да родных і блізкіх дадуць свой плён”, — упэўнены старшыня райвыканкама.
Яго выступленне Аляксандра Зазулі заахоціла маладых спецыялістаў да вядзення дыялогу з супрацоўнікамі органаў улады. Яны актыўна задавалі пытанні, раіліся.
Старшыня раённага савета дэпутатаў Іван Даўжук засяродзіў увагу моладзі на такой чалавечай якасці як ініцыятыўнасць. “Многае ў нашым жыцці залежыць ад нас саміх. Сёння вы са сваёй ініцыятывай павінны ісці да кіраўніка”, — падкрэсліў ён.
Семінар стаў сапраўдным урокам фінансавай адукацыі для прысутных. Усё па крэдытаванні і крэдытным рэгістры расказала Святлана Герасімук, галоўны спецыяліст эканамічнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.
У ходзе семінара ўдзельнікі наведалі ўстановы і прадпрыемствы горада. Завяршылася ўсё канцэртам і дыскатэкай.

Інфармацыю аб мерапрыемстве чытайце таксама на адзіным партале фінансавай пісьменнасці насельніцтва: fingramota.by
Людміла Дубіна
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *