У бізнэс-асяроддзі вызначаны лідары

У мінулую пятніцу ў райвыканкаме былі падведзены вынікі раённага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2009 года”. Гэта мерапрыемства праводзілася шосты раз запар і ўжо стала добрай традыцыяй.
Распачаў сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Алег Кузіч, які адзначыў, што бізнэс на кобрынскай зямлі развіваецца ўстойліва і дынамічна. З кожным годам у раёне ўсё больш адкрываецца новых рабочых месцаў. Лічбы і факты сведчаць аб тым, што менавіта за кошт прадпрымальніцтва істотна папаўняецца даходная частка мясцовага бюджэту.


— Поспех кобрынскіх бізнэсменаў нельга назваць нейкай лакальнай з’явай, — падкрэсліў Алег Кузіч. — Нярэдка кіраўніцтва вобласці высока адзначае іх справы. Кобрынскі раён надзейна ўтрымліваецца ў тройцы лепшых сярод іншых гарадоў і раёнаў Брэстчыны.
Лепшым прадпрымальнікам у сферы вытворчасці спажывецкіх тавараў стаў кіраўнік СТАА “Кьютта” Анатоль Барысюк. Асноўны від дзейнасці прадпрыемства – вытворчасць 12 артыкулаў панчошна-шкарпэткавых вырабаў. А з лютага 2008 года “Кьютта” ажыццяўляе выпуск жаночых калготак пад гандлёвым брэндам “Segreto”. У мінулым годзе тут створана 26 новых рабочых месцаў.
Лепшым прадпрымальнікам у сферы вытворчасці тавараў прамысловага прызначэння стала кіраўнік СТАА “ПЛ Інтэрнацыянал Плюс” Наталля Якімовіч.

Прадпрыемства працуе на рынку з 2004 года і займаецца вытворчасцю дзвярэй з ПВХ профілю.
Лепшым прадпрымальнікам у будаўніцтве стаў кіраўнік ТАА “”Будаўнічая кампанія “Спектр” Анатоль Півень.
Сяргей Амельянчук, дырэктар ПУГВП “Нашы вытокі”, па праву стаў лепшым прадпрымальнікам у сферы грамадскага харчавання. Колькасць работнікаў дасягнула 159 чалавек. Летась была адкрыта піцэрыя “Дыскаверы”. Прыярытэтам з’яўляецца пашырэнне гандлёвай сеткі на сяле.
Лепшым прадпрымальнікам у сферы медыцынскай дзейнасці з’яўляецца дырэктар ПСУП “АлексДэнт” Аляксандра Пышная. Яе прадпрыемства займаецца тэрапеўтычнай і артапедычнай стаматалогіяй.
Кіраўнік ТАА “Калор” Іван Заноўскі перамог у намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-арганізацыя з замежнымі інвестыцыямі”. “Калор” – нязменны ўдзельнік і пераможца спецыялізаваных конкурсаў і выстаў.
Лепшай сялянскай (фермерскай) гаспадаркай прызнана гаспадарка “Алесін сад”, уладальніцай якой з’яўляецца Ніна Главацкая. Асноўныя віды дзейнасці – садаводства, вытворчасць ранняй гародніны.
Дырэктар ПВГУП “Радуга-сэрвіс” Валерый Пяхота стаў лепшым прадпрымальнікам у сферы аказання паслуг. Валерый Фёдаравіч прафесійна займаецца рамонтам бытавой радыёэлектроннай апаратуры.
Заслужаная перамога ў намінацыі “Лепшы прадпрымальнік-арганізатар новых рабочых месцаў” прысуджана дырэктару ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” Валянціне Шугай. Адкрыццё прадпрыемства паспрыяла занятасці насельніцтва ў в. Дзівін. Дырэктар ПГУП “РАД-ОСТ” Анатоль Астапук стаў лепшым прадпрымальнікам у сферы аптовага і рознічнага гандлю.
Лаўрэатамі конкурсу ў намінацыі “Лепшая сялянская (фермерская) гаспадарка” стаў кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Уладлен-агра” Уладзімір Давыдовіч, які займаецца вырошчваннем шампіньёнаў, у сферы вытворчасці тавараў прамысловага прызначэння — дырэктар ПВГУП ”МеталАжур” Вячаслаў Андраюк (вытворчасць будаўнічых металаканструкцый і металічных вырабаў).
Ва ўрачыстай абстаноўцы Алег Кузіч уручыў пераможцам і лаўрэатам конкурсу дыпломы і кветкі.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКАХ: намеснік старшыні райвыканкама Алег Кузіч уручае дыплом пераможцы конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2009 года” дырэктару СТАА “ПЛ Інтэрнацыянал Плюс” Наталлі Якімовіч; традыцыйны здымак на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Деревянный дом под ключ цены ссылка.