В международном турнире по дзюдо «Наши истоки» кобринчане получили достойные награды


Неверагодна, але адкрыццё дванаццатага па ліку міжнароднага турніру па дзюдо “Нашы вытокі” памяці Ігара Данілюка ў мясцовай КСДЮШАР 31 кастрычніка супала з бліскучай перамогай беларускага дзюдаіста Дзмітрыя Шэршаня на прэстыжных спаборніцтвах з серыі “Вялікага шлема” ў Абу-Дабі (ААЭ). Магчыма, хутка і кабрынчане будуць святкаваць аналагічны трыумф на вышэйшых прыступках п’едэстала гонару. Падставы так меркаваць, несумненна, ёсць.
Сёлета ў турніры “Нашы вытокі” прынялі ўдзел каля 300 юных спартсменаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама госці з г. Шацка (Украіна) і г. Электрасталь (Расія). Як нам паведаміў старшы трэнер КСДЮШАР па дзюдо Андрэй Данілюк, сёлета кобрынская каманда ўкамплектавана “зорачкамі” спорту. Сярод іх пераможца першынства свету па ўніверсальным баі і рэспубліканскіх спаборніцтваў па дзюдо Артур Джаніеў, неаднаразовыя прызёры рэспубліканскіх турніраў Раман Гліцук і Дзмітрый Чыкуноў і інш.
Шаснаццацігадовы Артур Джаніеў зараз вучыцца на пятым курсе сувораўскага вучылішча ў Мінску і з задавальненнем пажадаў прыняць удзел у турніры “Нашы вытокі”. Малады чалавек ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты – звязаць далейшы лёс са спортам і заваяваць алімпійскае “золата”. Ён сябруе з зусім яшчэ юным кобрынскім дзюдаістам Максімам Паўлоўскім, які імкнецца быць такім жа паспяховым спартсменам.
Адкрываючы турнір, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Эрнест Нікалайчук адзначыў, што правядзенне падобнага турніру будзе і далей знаходзіць падтрымку ў тым ліку і з боку яго ведамства. Ён выказаў надзею, што турнір будзе пашыраць сваю геаграфію і прырастаць большай колькасцю ўдзельнікаў.
Найлепшыя пажаданні дзюдаістам выказаў галоўны натхняльнік спаборніцтваў, дырэктар групы кампаній “Нашы вытокі” Сяргей Амельянчук. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
У бліц-інтэрв’ю “КВ” галоўны трэнер каманды дзюдаістаў з Шацка Руслан Пузько выказаў сардэчныя словы падзякі за высокі ўзровень арганізацыі турніру. Ён паведаміў, што паміж кабрынчанамі і ўкраінцамі ўжо ўсталяваліся шчыльныя партнёрскія сувязі ў спартыўнай сферы. Суседзі з задавальненнем запрашаюць нашых землякоў да сябе ў госці паўдзельнічаць у аналагічных спаборніцтвах.
На татамі разгарэлася сапраўдная барацьба за лідарства. У выніку кабрынчане парадавалі балельшчыкаў цудоўным “ураджаем” трафеяў. Першыя месцы занялі Максім Чулкоў (трэнер Алена Невядомская), Артур Джаніеў (трэнер Андрэй Данілюк), Раман Гліцук (трэнеры Андрэй Данілюк і Андрэй Анішчук). Другія месцы — у Дзмітрыя Чыкунова, Івана Марчука, Дзмітрыя Гліцука. “Бронзавыя” ўзнагароды заваявалі Серафім Шымчук, Максім Куцэвіч, Максім Паўлоўскі і Аляксандра Рачко.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі і памятнымі падарункамі.
Раман Мельнік.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *