Он служил закону


Якія рысы павінен мець чалавек, каб выбраць у якасці жыццёвага шляху ахову правапарадку – і, тым больш, каб прысвяціць гэтай справе ўсё сваё жыццё? Рыгор Алясюк, ветэран Кобрынскага РАУС, які аддаў службе ў міліцыі 20 гадоў, упэўнены, самае галоўнае — гэта абвостранае пачуццё справядлівасці. Менавіта яно адрознівае тых, хто прыходзіць у міліцыю па патрабаванні сваёй душы…
— Так атрымалася, што на міліцэйскую службу я трапіў у 1977 годзе па накіраванні камсамольскай арганізацыі, калі пасля арміі працаваў на нашым рамонтным заводзе, — успамінае Рыгор Іванавіч. – Працаваў інспектарам ДПС, потым – камандзірам узвода патрульна-паставой службы, старшым інспектарам ДПС. Прызнаюся шчыра – аб выбары сваім не шкадаваў ніколі.


Як адзначае Рыгор Алясюк, ён заўсёды імкнуўся жыць і працаваць па законе — у іншым выпадку, як упэўнены ветэран, няма чаго нават ісці ў органы. Тады і служба – якая, дарэчы, ніколі не з’яўлялася простай, будзе ў радасць. Сітуацыі здараліся розныя, як вядома, міліцэйскія будні і спакой — паняцці несумяшчальныя. Тым больш, калі гаворка ідзе пра патрульна-паставую службу. Пабываў наш субяседнік і ў чарнобыльскай зоне, дзе праз год пасля аварыі на працягу месяца кантраляваў выезд транспарту з забруджаных тэрыторый. Даводзілася затрымліваць і парушальнікаў, і аўтамабільных злодзеяў. Здараліся і кур’ёзныя выпадкі.
— Памятаю, аднойчы паступіў сігнал ад насельніцтва, што нейкія маладыя людзі зразаюць макавыя галоўкі, — успамінае Рыгор Іванавіч. – Выехалі на месца, “прынялі” гэтых аматараў наркатычнага зелля, пасадзілі на задняе сядзенне машыны… А пакуль давезлі, гэтыя “дзеячы” добрую палову сабранага маку цішком паспелі з’есці…
У першую чаргу міліцыянер павінен умець зразумець чалавека, адчуць яго праблему – і разабрацца ў ёй. Не ўзвышацца над людзьмі, выкарыстоўваючы сваю форму і свой статус, а дапамагаць, кіруючыся нязменнымі прынцыпамі законнасці і парадку. І тое, што грамадствам табе дадзена права абараняць гэты самы парадак і супрацьдзейнічаць злачыннасці – не перавага над іншымі, а ў першую чаргу вялікая адказнасць перад імі, у якім бы падраздзяленні міліцыі ты ні служыў.
— Зразумела, у наш час працаваць было прасцей, асабліва што датычыцца дарожна-патрульнай службы, — разважае Рыгор Іванавіч. – Па-першае, транспарту было значна менш – і большасць машын у горадзе інспектары па сутнасці ведалі па нумарах. А зараз транспартных сродкаў – безліч, і культура паводзін на дарогах таксама патрабуе пастаяннай увагі. Але калі на ўчастку дарогі добра працуюць інспектары ДАІ – парадак відаць адразу.
І сёння Рыгор Алясюк працягвае весці актыўнае жыццё – працуе ў лядовай арэне, завіхаецца па гаспадарцы, падтрымлівае пастаянныя зносіны з калектывам і ветэранскай арганізацыяй Кобрынскага РАУС, з вялікай увагай ставіцца да падзей у грамадстве. Хаця яно і зразумела: чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў абароне правапарадку і законнасці, абыякавым быць проста не можа.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *