Ещё один уголок Кобринщины газифицирован


Зусім нядаўна на Кобрыншчыне стала больш яшчэ адным куточкам, куды прыйшло “блакітнае паліва” — урачыстая цырымонія запальвання сімвалічнага газавага факела адбылася ў вёсцы Бельск.
— Тое, што мы сёння бачым, можна назваць выдатным прыкладам ініцыятывы, праяўленай самімі вяскоўцамі, — адзначыў у час цырымоніі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Нягледзячы на адносна невялікую колькасць жыхароў людзі не пісалі ў розныя інстанцыі – яны арганізаваліся, сабралі грошы і пачалі добрую справу, да якой далучыліся райвыканкам і МВУ “Кобрынміжрайгаз”. І вось вынік — у вёску Бельск прыйшоў газ. Хочацца адзначыць, што мясцовыя жыхары праявілі сябе з найлепшага боку і разам, у адзіным парыве, дасягнулі пастаўленай мэты.
Усяго ў калектыве індывідуальных забудоўшчыкаў па газіфікацыі Бельска налічваецца 91 чалавек. У якасці генеральнага падрадчыка выступіла служба будаўніча-мантажных і рамонтных работ МВУ “Кобрынміжрайгаз”. Каб забяспечыць вяскоўцаў доўгачаканым “блакітным палівам”, было пабудавана больш за 14 кіламетраў газаправода, у тым ліку больш за паўтара кіламетра газаправодаў-уводаў, устаноўлены ШРП. Агульны кошт па заканчэнні работ склаў больш за 2,5 мільярда рублёў – у гэтай суме каля 760 мільёнаў рублёў, ці 30% ад кошту, склала доля сродкаў насельніцтва, доля бюджэтных сродкаў адпаведна — каля 1 мільярда 770 мільёнаў.
Урачыстая цырымонія прайшла каля мясцовай царквы і сабрала вялікую колькасць задаволеных жыхароў Бельска, для якіх заканчэнне будаўніцтва газаправода стала сапраўдным святам. І вось ужо весела ўспыхвае яркім полымем сімвалічны газавы факел, які цяпер будзе саграваць яшчэ адзін куточак Кобрыншчыны, дзе жывуць сапраўдныя гаспадары.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *