Станислав Слиж: «Повар — прежде всего художник»


У 10 гадоў Станіслаў Сліж быў цвёрда ўпэўнены, што стане поварам. Яго дзіцячая мара і сапраўды здзейснілася. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 8 юнак падаўся ў абласны цэнтр, у прафесійна-тэхнічны каледж гандлю.
На думку юнака, прафесія повара – мастацкага накірунку. “Мне заўсёды хацелася змяніць стаўленне людзей да працэсу прыгатавання ежы. Повар — гэта перш за ўсё мастак, які ўкладае ў страву часцінку сваёй душы”, — разважае ён.
З 2010 года Станіслаў Сліж працуе шэф-поварам у кафэ “Дыскаверы” групы кампаній ДУП “Нашы вытокі”. У 2013 годзе ён стаў членам Нацыянальнай гільдыі повараў і шэф-повараў Беларусі. У межах гільдыі ўдзельнічаў у майстар-класе па прыгатаванні сушы, які праходзіў у Мінску. “Для мяне такія мерапрыемствы – перш за ўсё выдатная школа майстэрства”, — адзначае Станіслаў.
Ён з ахвотай прымае ўдзел у прафесіянальных конкурсах. Вось і сёлета паўдзельнічаў у турніры “Залаты кіцель” Беларусі”, які праводзіўся ў межах ІІІ Рэспубліканскага фестывалю смачнага блогу. Станіслаў з задавальненнем падзяліўся сваімі ўражаннямі.
“Мой рэгістрацыйны нумар быў 857, а ўсяго заявак на ўдзел у конкурсе было да тысячы. Мяне не палохала вялікая колькасць кандыдатаў, быў упэўнены, што маю заяўку пацвердзяць”, — расказвае Станіслаў.
Інтуіцыя не падвяла. Кабрынчанін трапіў у спіс 28 удзельнікаў. Спаборніцтва ажыццяўлялася па трох намінацыях: прыгатаванне рэстаранных страў з мяса, рыбы і птушкі, на якое адводзілася 40 хвілін. Асабліва запомнілася першае выпрабаванне, калі давялося працаваць з філе дарады. Такую рыбу ён ніколі раней не гатаваў. Тады хлопец успомніў гісторыю з дырэктарам рэстарана “Жуль Верн”, што ў Брэсце.
“Аднойчы ён папрасіў мяне прыгатаваць кракадзіла, а я разгубіўся. Тады дырэктар заўважыў, што кракадзіл – гэта мяса. Зараз я да ўсяго стаўлюся спакойна”, — гаворыць малады повар.
Удзел у турніры для Станіслава Сліжа закончыўся паспяхова. Бронзавым медалём адзначаны яго стравы з рыбы і птушкі, сярэбраным — стравы з мяса.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *