Двадцать лет назад была создана военизированная пожарная часть города Кобрина


Дваццаць гадоў таму, у 1994 годзе, была ўтворана ваенізаваная пажарная часць горада Кобрына, якая спачатку з’яўлялася структурай РАУС і толькі праз нейкі час была перададзена ў склад МНС Рэспублікі Беларусь.
Чым жыве Кобрынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях сёння, нам расказаў яго начальнік Леанід Панасюк.


Цяпер у аддзеле 3 пажарна-аварыйныя выратавальныя часці, з іх дзве знаходзяцца ў горадзе і адна – у Дзівіне. Ёсць 5 пажарна-аварыйных выратавальных пастоў — у вёсках Гарадзец, Плянта, Кісялёўцы, Батчы і пасёлку Арэхаўскім. Аддзел забяспечаны неабходным абсталяваннем, тэхнікай. У калектыве — 129 чалавек, з іх – 27 афіцэраў.


У народзе выратавальнікаў па-старому называюць пажарнымі. Аднак па тэлефоне “101” аказваецца дапамога людзям не толькі пры пажарах, але і іншых надзвычайных сітуацыях: паводках, аварыях, стыхійных бедствах.
Як заўважыў Леанід Данілавіч, выпадковых людзей сярод выратавальнікаў няма. “У нашым аддзеле служаць людзі, з якімі не страшна ісці ў разведку. Я цалкам ім давяраю”, — так характарызуе сваіх саслужыўцаў кіраўнік. Тут разумеюць, што поспех выратавальнай аперацыі залежыць ад зладжанасці дзеянняў усяго аддзялення.


Кіраўнік адзначыў тых, хто дасягае лепшых паказчыкаў у рабоце. Гэта Сяргей Майсюк — начальнік каравула ПАВЧ-1, Аляксандр Дашчук — начальнік ПАВП № 15, Віктар Наскоў — вадзіцель ПАВП № 15, камандзіры аддзяленняў ПАВЧ-1 Алег Данілюк і Валерый Ярмаловіч. З удзячнасцю Леанід Данілавіч успамінае ветэранаў выратавальнай службы і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку.


Сярод супрацоўнікаў шмат тых, хто быў сведкам станаўлення ваенізаванай пажарнай службы. Гэта начальнікі каравулаў Сяргей Майсюк і Валерый Мішэвіч, старшы пажарны Раман Шуст, вадзіцель Павел Астапук і іншыя.
“Ваенізацыя пажарнай службы пачалася з вучэнняў. Пажар – гэта страшная бяда, і карціны яго – жудасныя. Да такой работы патрэбна быць маральна падрыхтаваным. Калі чалавек не мог справіцца з псіхалагічным бар’ерам, то звальняўся”, — успамінае Сяргей Майсюк.
Першае дзяжурства Паўла Астапука было якраз у дзень ваенізацыі пажарнай часці – 14 кастрычніка. “Зараз у аддзеле больш за 20 транспартных адзінак, а раней пажарная тэхніка знаходзілася ў розных ведамствах. Ды і тэхнічныя характарыстыкі яе зараз больш высокія”, — расказвае Павел Сцяпанавіч.
На рахунку выратавальнікаў — тысячы выратаваных жыццяў і матэрыяльных каштоўнасцяў. Многае змянілася за гэтыя дваццаць гадоў. Толькі як і раней, па трывожным званку за лічаныя хвіліны выратавальнікі выязджаюць на дапамогу людзям.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *