Мощности современного хранилища фруктов и овощей СПК «Батчи» будут использованы на сто процентов


Кастрычнік – гарачая пара для нарыхтоўкі агародніны, якую, як вядома, важна не толькі вырасціць і ўбраць, але і правільна захаваць. Усе ўмовы для гэтага створаны ў сучасным сховішчы фруктаў і агародніны СВК “Батчы” – гаспадаркі з развітым агародніцтвам, куды мы і завіталі ў апошнія дні кастрычніка.
— Сёлета ўраджай, безумоўна, радуе – можна сказаць з упэўненасцю, што магутнасці нашага сховішча будуць выкарыстаны на ўсе 100%, — расказвае загадчык сховішча Алена Селях. – Ужо нарыхтавана больш за 2 тысячы тон бульбы — больш за 600 тон знайшлі сваіх пакупнікоў, амаль закончана ўборка буракоў, якіх убрана 43 тоны, ідзе працэс затарвання цыбулі, якой убрана 380 тон, заканчваецца ўборка морквы. Адным словам, будзем з агароднінай.
Пад кожную з гэтых культур у 12-ці камерах сховішча адведзена не толькі сваё месца, але і свая тэмпература, якая задаецца камп’ютарам асобна на кожную камеру. Гэта дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для якаснага захавання самых розных дароў зямлі – ад бульбы да яблык.


Дарэчы, аб апошніх варта сказаць асобна – сёлета ў СВК “Батчы” нарыхтавана 500 тон яблык, каля 200 тон з іх прададзена на перапрацоўку. Карыстаюцца попытам такія гатункі, як “Алеся”, “Беларускае салодкае”, “Памяць Каваленкі”, “Імрус”, “Заслаўскае”, “Поспех”, “Падарунак”, “Прыма” і іншыя. Як адзначыла Алена Расціславаўна, хопіць не толькі для таго, каб забяспечыць раён, але і застанецца яшчэ на патрэбы вобласці.
Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКАХ: (злева направа) загадчык агароднінапладасховішча Алена Селях, старшыня СВК “Батчы” Уладзімір Марчук, вагаўшчык Таццяна Сляпых; працэс пагрузкі яблык у агароднінапладасховішча.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *