Окончательный этап ремонта завершился в Залесском СДК


…Калі спытаць любога сельскага жыхара, на якіх установах перш за ўсё трымаецца духоўнае жыццё вёскі, бадай, кожны ў першую чаргу назаве школу, царкву і, безумоўна, клуб ці сельскі Дом культуры. Ну а калі гэтыя “тры кіты” не толькі існуюць, але і абнаўляюцца, можна сказаць з упэўненасцю – значыць, жыве і развіваецца сама вёска. Менавіта гэтак адбываецца ў Залессі, дзе нядаўна завяршыўся канчатковы этап рамонту мясцовага СДК.
— Першая чарга рамонту распачалася яшчэ ў 2010 годзе, — расказвае старшыня Залескага сельвыканкама Валерый Іванюк. — А потым ад насельніцтва паступіла цікавая ідэя, звязаная з тым, што на тэрыторыі нашага сельсавета няма ніводнай установы грамадскага харчавання. Чаму б не спраектаваць СДК такім чынам, каб ён стаў прыдатным і для выканання сваіх традыцыйных функцый — правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў кшталту канцэртаў, святаў, сходаў — і ў той жа час для вяселляў, юбілеяў, сямейных свят і гэтак далей? Ідэя паказалася цікавай, і з дапамогай начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзеі Жук яе ўсё ж такі атрымалася рэалізаваць.
Цяпер у светлай і прыгожай вялікай зале можна расставіць сталы, а можна і крэслы для гледачоў ці ўвогуле арганізаваць танцы. А побач, у спецыяльна збудаваным харчовым блоку, устаноўлена кухоннае абсталяванне — для таго, каб пры неабходнасці прыгатаваць або разагрэць стравы для гасцей. Выдатнае ўражанне пакідае і прыгожы інтэр’ер — новая мэбля і сучасныя матэрыялы, якія выкарыстоўваліся ў ходзе рамонту, радуюць вока і ствараюць сапраўдную ўтульную атмасферу. Для якаснага суправаджэння мерапрыемстваў закуплена сучасная апаратура высокага ўзроўню.
Прыгожа і ўтульна і ў бібліятэцы СДК, дзе працуе бібліятэкар Ірына Пакалюк. Дарэчы, і тут не абышлося без мадэрнізацыі – побач з традыцыйнымі кніжнымі паліцамі размясціўся сучасны камп’ютар, падключаны да высакаскораснага інтэрнэту.


— Без перабольшання, наш СДК з’яўляецца сапраўдным культурным цэнтрам вёскі, — расказвае дырэктар Залескага сельскага Дома культуры Раіса Мацука. – З верасня ў супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой у нас распачала сваю работу школа духоўна-маральнага выхавання. Дзейнічаюць гурткі мастацкай самадзейнасці, народны хор, якому споўнілася больш за 30 гадоў, дзіцячыя і дарослыя эстрадныя гурткі, жаночая і дзіцячая вакальныя групы, аматарскія аб’яднанні “Глобус” і “Тэнісіст”. А пасля заканчэння рамонту дык і ўвогуле можам аказваць поўны комплекс паслуг для людзей.
Так што цяпер мерапрыемствамі ў Залескім СДК застануцца задаволеныя не толькі вясцоўцы, але і дасціпныя гарадскія жыхары, прывычныя да высокага ўзроўню камфорту. Не верыце? Прыязджайце ў Залессе самі. Тым больш, што гасцям тут заўсёды рады.
Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымку: дырэктар Залескага СДК Раіса Мацука, настаяцель Свята-Петрапаўлаўскай царквы г. Кобрына айцец Аляксандр і старшыня Залескага сельвыканкама Валерый Іванюк; бібліятэкар Ірына Пакалюк.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *