Народному хору Кобринского Дворца культуры «Палескія перазвоны» — 50


Як выказаць свае ўражанні аб фальклорным калектыве, які радуе сваіх слухачоў ужо больш за палову стагоддзя? Можна прыгадаць незлічоную колькасць выдатных песен, якія сагравалі сэрцы ўсе гэтыя гады, добрыя ўсмешкі, з якімі госці выходзяць з залаў пасля канцэртаў, шчырыя апладысменты… А можна проста яшчэ раз адчуць ні на што не падобную атмасферу душэўнасці і цеплыні, якія нязменна суправаджаюць кожнае выступленне. Усё гэта і многае іншае ў чарговы раз падарыў сваім прыхільнікам народны хор Кобрынскага Палаца культуры “Палескія перазвоны”, які нядаўна адзначыў свой 50-гадовы юбілей.
І ў гэты раз чароўны канцэрт дазволіў слухачам апынуцца ў сапраўднай казцы дзіўнай рускай, беларускай і ўкраінскай песні. І здавалася, што кудысьці зніклі ўсе моўныя і культурныя адрозненні — і засталася толькі спрадвечная магія песні, для якой, як вядома, не існуе ні межаў, ні часу, ні адлегласцяў.
І зноў, як і 50 гадоў таму, “Палескія перазвоны” сустракалі гучныя крыкі “брава!”, шчырыя авацыі ад гледачоў самых розных узростаў — і, зразумела, кветкі. Свае віншаванні хору прыйшлі выказаць старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Надзея Жук і віцэ-консул Генеральнага консульства Украіны ў Брэсце Раман Цяршоўчын. Ну а самай цудоўнай узнагародай і падтрымкай для калектыву, безумоўна, увесь гэты час з’яўляліся нязменнае прызнанне і любоў сваіх слухачоў. А яшчэ – песня…
— Для мяне песня – невычэрпнае багацце, — расказвае кіраўнік хору Зоя Ястрэмская. – І сёння ўсе ўдзельнікі нашага хору жадаюць і любяць спяваць — таму і імкнуцца на сцэну, кіруючыся гэтым клічам сваёй душы. А калі мы з калектывам развучваем новую песню, то ўсе гатовыя працаваць без усялякай стомы літаральна да позняй ночы.
Сапраўды, можна толькі здзіўляцца жыццёвай і творчай энергіі, якую імгненна распаўсюджваюць вакол сябе гэтая незвычайная жанчына і ўвесь калектыў пад яе кіраўніцтвам. Відаць, на самай справе песня з’яўляецца нейкім эліксірам бадзёрасці і маладосці… Можа, менавіта таму любое мерапрыемства з удзелам “Палескіх перазвонаў” нязменна пакідае самыя светлыя ўражанні – а пасля песень, выкананых з душою, проста хочацца жыць.
Маргарыта ЛІТОШАНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *