Женщины всё больше ломают стереотипы о «женских» и «неженских» профессиях

Нашы любыя жанчыны з кожным годам усё больш рашуча разам з уласнымі страхамі і няўпэўненасцю ламаюць стэрэатыпы аб “жаночых” і “нежаночых” прафесіях. Так, як гэта зрабіла Раіса Хмялеўская, яшчэ адна жанчына-вадзіцель гарадскога аўтобуса філіяла “Аўтапарк № 16 г. Кобрына”.
— Першы раз села за руль, калі яшчэ была зусім маленькая, — успамінае Раіса Паўлаўна. – Памятаю, бацька сказаў: руліць можаш, а вось педалі пакуль не чапай. З цягам часу атрымала катэгорыю “В”, вадзіла невялікі “Сеат-Ібіца”. А зусім нядаўна пазнаёмілася з Кацярынай Шапяцюк (у дзявоцтве – Кальман), першай жанчынай-вадзіцелем аўтобуса з нашага аўтапарка. Яна і падказала – маўляў, давай да нас, пакажам усім, як трэба вадзіць.
А потым пачаўся складаны шлях да рэалізацыі амбіцыёзнага плана. Па-першае, атрыманне катэгорый “С” і “D” – асалода зусім не танная, ну а па-другое, грузавік, і тым больш вялізны аўтобус – усё ж такі не маленькая “легкавушка”. Але пераважылі ўсё цвёрдая матывацыя і ўменне дабівацца пастаўленай мэты. Зараз Раіса Паўлаўна работай сваёй задаволена. На сваім “МАЗе-103” яна ўжо ўпэўнена ездзіць па ўсіх гарадскіх маршрутах – з душою і вось такой добрай, светлай усмешкай, якой сустракае ўсіх сваіх пасажыраў.
— Рэакцыя пасажыраў, дарэчы, самая розная, асабліва спачатку, — усміхаецца Раіса Хмялеўская. – Ад вялізных здзіўленых вачэй да самай шчырай павагі – прычым як з жаночага, так і з мужчынскага боку.
Прыкладна такое ж станоўчае ўражанне пра новага вадзіцеля склалася і ў кіраўніцтва філіяла “Аўтапарк № 16 г. Кобрына”. Як адзначае начальнік аддзела перавозак Уладзімір Магера, першае, што можна вылучыць, – гэта сур’ёзнасць і адказнасць у падыходзе да справы. А яшчэ – нязменная акуратнасць у адносінах да сваёй машыны і да выканання абавязкаў. А гледзячы на такі прыклад, міжволі пачынаюць падцягвацца і тыя, хто побач… А можа, проста менавіта гэтак праяўляе сябе ў любым асяроддзі прыродная жаночая магія, якая запаўняе наша штодзённае жыццё цёплай і ўтульнай аўрай любві, парадку і дабрабыту.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *