Гордостью нашего города является Кобринский маслодельно-сыродельный завод


Семдзесят пяць гадоў мінула з дня ўтварэння Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода. 17 кастрычніка 2014 года ў Палацы культуры адзначыць юбілейную дату сабраліся работнікі прадпрыемства, яго ветэраны, партнёры і шматлікія госці. Святочны вечар пачаўся з дакументальнага фільма, прысвечанага заводу, які з’яўляецца гонарам нашага горада і адным з буйнейшых у галіне.
Яго прадукцыя – пазнавальны брэнд. Асартымент малочных вырабаў – больш за 150 найменняў — ад малака, масла, сыроў да марожанага і малочных дэсертаў.
Тут перапрацоўваюць 250 тон малака ў суткі. Уся прадукцыя вырабляецца з натуральнай высакаякаснай сыравіны. Дзякуючы высокай якасці і смаку вырабы карыстаюцца попытам не толькі ў нашай рэспубліцы, але і на замежных рынках.
Асноўны накірунак работы Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода – сыраробства. У суткі тут вырабляюць 25 тон сырнай прадукцыі пад гандлёвай маркай “Кобрынскія сыры”, асартымент якой налічвае 24 найменні сыру з рознай тлустасцю.
Зараз вядзецца будаўніцтва новага сыраробнага цэха, што дазволіць значна абнавіць асартымент і падтрымліваць устойлівыя пазіцыі на знешнім і ўнутраным рынках. Яго пуск плануецца ў 2015 годзе.
На прадпрыемстве працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды і граматы, якімі быў адзначаны калектыў на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. У 2013 годзе Кобрынскі МСЗ атрымаў прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці.
Словы ўдзячнасці за плённую працу выказаў работнікам дырэктар завода Мікалай Місюк. Лепшыя працаўнікі былі ўзнагароджаны граматамі.
З юбілеем павіншавалі калектыў Кобрынскага МСЗ намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар, старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі, кіруючай кампаніі холдынга “Канцэрн Брэстмясамалпрам”, кіраўнікі сельскагаспадарчых і мясамалочных прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі навучальных устаноў і партнёры. Закончыўся вечар святочным канцэртам.
Людміла ДУБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *