На Кобринщине состоялся конкурс профессионального мастерства социальных работников


Многія лічаць, што штодзённая праца сацыяльнага работніка толькі і складаецца з таго, каб прынесці падапечным прадукты з магазіна, прыгатаваць ім ежу ды прыбраць. Але сацыяльны работнік перш за ўсё — тонкі псіхолаг, суразмоўца і, найчасцей, родная душа для самотных састарэлых людзей.
Кожны год для прадстаўнікоў названай прафесіі праводзіцца конкурс прафесіянальнага майстэрства. Сёлета ён праходзіў у Палацы культуры, удзел прынялі чатыры каманды: тры з раёна, адна з горада.
Конкурс “Візітная картка” дазволіў журы і гледачам бліжэй пазнаёміцца з камандамі. Удзельнікі чыталі вершы і нават оду сацыяльнай службе, якую склала адна з падапечных, спявалі песні, дэманстраваліся фотаздымкі.


Другім выпрабаваннем стаў конкурс “Натхненне”. Тут патрэбна было прадставіць свае кампазіцыі з кветак, прыроднага матэрыялу, агародніны, лісця, лекавых траў. Дарэчы, журы, якое ўзначаліла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама Таццяна Бойка, змагло пазнаёміцца з кампазіцыямі яшчэ да пачатку конкурснай праграмы. Нельга было не здзівіцца фантазіі – вусені з яблык, чалавечкі з морквы, дынь і патысонаў, ружы з лісця і шмат чаго іншага.
Трэці конкурс называўся “Гаварун”. Удзельнікі павінны былі хутка выгаварыць па некалькі скорагаворак. Хуткасці і правільнасці вымаўлення некаторых удзельніц маглі б пазайздросціць нават артысты.
Другі тур — для капітанаў – патрэбна было правільна адказаць на тэарэтычныя пытанні, якія тычацца штодзённай працы сацыяльных работнікаў.
А апошнім іспытам стаў конкурс, дзе капітаны разбіраліся з сітуацыямі, якія маглі б скласціся з падапечнымі.
Пакуль вяліся падлікі балаў, для прысутных — балельшчыкаў і падапечных — спяваў клуб “Сустрэча”.
Пераможцай конкурсу стала Таццяна Клімук – сацыяльны работнік з аб’яднанай каманды Навасёлак і Кісялёўцаў. Ёй і ўсім удзельніцам былі ўручаны памятныя падарункі.
Пасля завяршэння конкурсу Таццяна Бойка адзначыла, што такія мерапрыемствы вельмі важныя для падняцця прэстыжу прафесіі, падкрэсліла, што з кожным годам удзельнікі паказваюць усё больш цікавыя выступленні.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: Таццяна Бойка віншуе пераможцу Таццяну Клімук; аб’яднаная каманда Кісялёўцаў і Навасёлак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *