Берегите матерей!


Яны памятаюць пра нас, нават калі мы ў сваёй штодзённай мітусні забываем пра іх, і разумеюць нас, нават калі мы не маем рацыі. Яны прыходзяць на дапамогу нават тады, калі здаецца, што супраць нас увесь свет. І ўвесь свет адступае – схіляючы галаву перад матчыным каханнем і простымі, але такімі чароўнымі словамі — “Усё будзе добра, сыночак… Усё атрымаецца”. Менавіта яны, нашы матулі, прымалі самыя цёплыя словы ў час урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню маці, якое прайшло ў Палацы культуры.


— У маім жыцці было адно пажаданне, якое я не забуду ніколі: “Беражы сваю матулю — яна вымаліла цябе ў Бога”, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – І гэтым сказана вельмі многае – таму што ўсе нашы маці, свядома ці несвядома, усё сваё жыццё моляцца за нас, сваіх дзяцей. Сёння на самай справе цудоўны дзень, у які мы можам у чарговы раз выказаць самыя шчырыя словы ўдзячнасці і нізка пакланіцца нашым матулям, якія дапамагаюць нам ісці па жыцці.
Распачалася святочная праграма ўзнагароджваннем сапраўдных гераінь – тых, каму ў гэты дзень уручаўся ордэн Маці. Шматдзетныя маці, якія, па сутнасці прысвяцілі выкананню мацярынскага абавязку ўсё сваё жыццё і выхавалі пяць і больш дзяцей, ва ўрачыстай атмасферы атрымлівалі ўзнагароды, памятныя падарункі і, канешне, кветкі. Хаця самымі прыгожымі кветкамі для іх, безумоўна, з’яўляюцца іх дзеці.
Сустрэча з маці ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні абавязкаў ваеннай службы ў мірны час, прайшла ў кафэ “Родны кут”, у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы адбылася ўрачыстая паніхіда, а ў Палацы культуры матулям і родным загінуўшых уручаліся пасмяротныя ўзнагароды. Вечная памяць тым, хто загінуў, і вечная пашана тым, хто выхаваў сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, якія да самага канца засталіся вернымі прысязе і Радзіме… А ў скверы Воінскай славы, чытаючы імёны нашых загінуўшых землякоў, сёння гуляюць маладыя маці, і вырастаюць новыя дзеці — з усведамленнем свайго мінулага і сваёй будучыні.
Менавіта нашы дзеці, самыя маленькія і, безумоўна, самыя мілыя выканаўцы Кобрыншчыны распачалі і святочны канцэрт – нібыта вялізны букет з цудоўных жывых кветачак для ўсіх жанчын, якія сабраліся ў гэты дзень ва ўтульнай зале Палаца культуры. І здавалася, што кожная ласкавая ўсмешка дабаўляла ў паветра па кропельцы сапраўднай сардэчнай цеплыні, яшчэ раз нагадваючы ўсім нам пра нашых любых матуль, якім мы абавязаны ўсім, чаго дасягнулі.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *