Сезон сельскохозяйственных ярмарок на Кобринщине — в самом разгаре


Цёплы сонечны дзень выдаўся ў мінулую суботу. Здаецца, само надвор’е спрыяла правядзенню сельскагаспадарчых кірмашоў, сезон якіх – у самым разгары.
Цэнтральны кірмаш сёлета прапісаўся па новым адрасе: вул. Нікалаева, 50, на аўтастаянцы гандлёвага цэнтра “Палессе”.
Падыходжу да першага гандлёвага месца. Сваю прадукцыю тут прапаноўвалі пчаляры з нашага горада. На кірмашы прадстаўлялі сваю прадукцыю, акрамя мясцовых, пчаляры з Брэсцкага, Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. Дарэчы, мёд прадавалі па 50000-55000 рублёў за паўлітра.
Вялікі асартымент саджанцаў пладовых дрэў прапанавалі садаводы. Набыць яблыні можна было па цане 60000-70000 рублёў, грушы – 90000, слівы – 90000-100000. Цана вішні вагалася ад 80000 да 100000.
Смачных карпаў, таўсталобікаў, амураў па прымальным кошце прадавалі рыбгасы з Жабінкаўскага і Бярозаўскага раёнаў.
Вялікім попытам карысталася агародніна. Доўгія чэргі выстройваліся за капустай, буракамі, морквай, цыбуляй. Сельскагаспадарчай прадукцыяй гандлявалі СПК “Верхалескі”, “Батчы”, ААТ “Агра-Кобрынскае”, фермерская гаспадарка “Гарадзец” і іншыя. Прынялі ўдзел у кірмашы і гаспадаркі з іншых раёнаў вобласці. Цэны на агародніну былі не проста прымальнымі, а прывабнымі. Капусту, буракі і моркву прадавалі па 2500 – 3000 рублёў, цыбулю – па 3800-4000. Гаспадары са Століншчыны нават заўважылі, што нізкія цэны на агародніну ў нашым раёне для іх сталі нечаканымі.
Самым вялікім попытам карысталася бульба. Яе распрадалі літаральна за дзве гадзіны, кошт складаў ад 2700 да 3500 рублёў.
Акрамя сельскагаспадарчай прадукцыі, прадавалі біжутэрыю, плеценыя вырабы, адзенне і многае іншае.
Я не магла не пацікавіцца, як адчуваюць сябе прадаўцы на новым месцы. У адказ пачула толькі добрыя водгукі. Адзін з іх мне найбольш спадабаўся: “Калі ацэньваць па дзесяцібальнай шкале, то на дзясятку”.


Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Новости легкой атлетики Украины