Работникам культуры посвящается


Канцэрты, фестывалі, яскравыя выступленні, шчырыя эмоцыі — і, канешне, гучныя апладысменты… Для нас — для тых, хто назірае за ўсім гэтым з пазіцыі гледачоў, — любая імпрэза здаецца лёгкай і прыгожай. Але толькі той, хто хоць раз у жыцці знаходзіўся з іншага боку сцэны, ведае — за ўсім гэтым хаваецца руплівая штодзённая праца. Менавіта яны, дзеячы культуры Кобрыншчыны, сталі галоўнымі героямі ўрачыстага вечара, прысвечанага Дню работнікаў культуры, які прайшоў нядаўна ў Кобрынскай школе мастацтваў.
— Калі гаварыць пра культурную галіну Кобрыншчыны, то можна сказаць без перабольшання – тут працуюць людзі, якія на самай справе выдаюць высокую якасць сваёй работы нават ва ўмовах даволі сціплых рэсурсаў, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – За што хочацца сказаць гэтым людзям, сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, шчыры “дзякуй”. А наша задача – знаходзіць для гэтага патрэбныя сродкі, падтрымліваць і дапамагаць.
Яны сустракаюць нас у Дамах культуры, бібліятэках і музеях, на канцэртных пляцоўках і кірмашах рамёстваў, яны захоўваюць традыцыі нашых продкаў – і развіваюць таленты нашых дзяцей. Менавіта яны робяць кожнае раённае мерапрыемства такім, што яго хочацца ўзгадваць у памяці зноў і зноў. Таму, як трапна адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, у гэты дзень было вельмі прыемна віншаваць з прафесіянальным святам тых, хто сам прысвяціў стварэнню свята ўсё сваё жыццё. А што думаюць самі работнікі культуры?
— Працэсы духоўнага адраджэння набіраюць значнасць з кожным годам – і сёння ў прафесію культработніка ідуць творчыя і інтэлектуальна адораныя людзі, якія ў стане займацца сваёй стваральнай працай на адпаведным узроўні, — адзначыла начальнік аддзела ідэалогічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук. – І, хочацца падкрэсліць з задавальненнем, сёння ў нашым горадзе для гэтай працы створаны ўсе ўмовы. З дапамогай кіраўніцтва раёна кожны год удасканальваецца і матэрыяльна-тэхнічная база, абнаўляюцца і культурныя ўстановы. А ўсім тым, хто сёння прыйшоў у гэтую залу, жадаю, каб работа заўсёды прыносіла толькі задавальненне.


Аднаго за другім у гэты дзень знаходзілі кобрынскіх работнікаў культуры граматы, пісьмы падзякі, падарункі і віншаванні. Не засталіся без увагі і ветэраны, і маладыя спецыялісты. І хаця сёння яны толькі пачынаюць свой шлях, можна быць упэўненым – пройдзе зусім кароткі час, і сваім талентам, імпэтам і творчым энтузіязмам яны абавязкова ўнясуць уклад у развіццё культурнай галіны нашай Кобрыншчыны. Як адзначыў заслужаны работнік культуры БССР Ігар Чэрнік, якому выпала ганаровая місія вітаць моладзь, галоўнае – гэта на самай справе любіць сваю работу ды глядзець у будучыню з аптымізмам. Разам з цёплымі словамі Надзея Жук уручыла моладзі каштоўныя падарункі, а галоўны рэдактар “КВ” Раман Мельнік — сертыфікаты на падпіску “раёнкі”.

Заключным акордам і сапраўднай кульмінацыяй гэтага цудоўнага вечара стаў канцэрт аркестра народных інструментаў Кобрынскага Палаца культуры.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *