Членам МООП имени Петра Сегенюка Кобринского государственного профессионального лицея сферы обслуживания вручили свидетельства


Наўрад хто будзе спрачацца з той думкай, што калі за парадкам у сваім доме сочаць самі яго жыхары – то вынік будзе куды лепшы, чым калі гэта намагаецца рабіць нехта іншы. Такая метафара добра адлюстроўвае сутнасць стварэння маладзёжных атрадаў аховы правапарадку – МААП, якія вось ужо два гады існуюць у некаторых навучальных установах нашага горада. Нядаўна ва ўрачыстай атмасферы пасведчанні былі ўручаны членам МААП імя Пятра Сегенюка Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання.
— Ідэя стварэння такіх атрадаў узнікла некалькі гадоў таму, — расказвае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Ігар Галаўко. – У склад атрадаў уваходзяць паўналетнія і адказныя маладыя людзі, якія самі забяспечваюць парадак у сваёй навучальнай установе, а таксама дапамагаюць рабіць гэта на вуліцах нашага горада.
Як адзначыў Ігар Міхайлавіч, уручаючы пасведчанні юным абаронцам парадку, такая форма работы, па-першае, аказвае значную дапамогу супрацоўнікам міліцыі. А па-другое, ідзе на карысць і самім членам атрадаў, якія прывыкаюць да безумоўнага вяршэнства закона, вучацца не быць абыякавымі – і сваімі сіламі супрацьдзейнічаць парушэнням і парушальнікам.
— Хлопцы ўспрынялі ідэю з вялікім энтузіязмам, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Ляўчук. – Зараз яны – нашы першыя памочнікі ў час правядзення разнастайных мерапрыемстваў, у барацьбе са шкоднымі звычкамі і іншымі парушэннямі дысцыпліны.

Акрамя назірання за парадкам ва ўласнай навучальнай установе, члены МААП разам з міліцыянерамі прымаюць удзел у патруляванні вуліц нашага горада. Паказальны факт: пасля такога вопыту некаторыя хлопцы ўжо зараз на поўным сур’ёзе задумваюцца аб тым, каб у будучыні звязаць сваё жыццё з міліцэйскай службай. Дарэчы, яшчэ адзін такі атрад створаны ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы.
Што ж датычыцца юных абаронцаў правапарадку з Кобрынскага ліцэя сферы абслугоўвання, то яны ўжо пацвердзілі сур’ёзнасць сваіх намераў – і нават дапамаглі затрымаць злачынца. Але гэтая тэма, безумоўна, заслугоўвае асобнага падыходу – і мы абавязкова вернемся да яе ў адным з бліжэйшых выпускаў “КВ”.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *