Кастинги пятого сезона конкурса юных вокалистов «Звонкая раніца-5» стартуют с 26 октября

На асенніх канікулах таленавітых школьнікаў нашай краіны чакае выпрабаванне — з 26 кастрычніка па 1 лістапада ў 12 раённых цэнтрах нашай краіны адбудуцца кастынгі пятага сезону конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”.
Творчы конкурс па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца” быў заснаваны рэдакцый газеты “Настаўніцкая газета” і нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчыы цэнтрам “Зубраня” ў 2010 годзе. Ён накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі ў рэгіёнах краіны, папулярызацыю творчасці маладых выканаўцаў, развіццё самадзейнай творчасці і дэманстрацыю дасягненняў работы педагогаў рэгіёнаў.
У гэтым годзе ў 12 раённых цэнтрах Беларусі зноў адбудуцца кастынгі пятага сезону конкурсу. Сёлета “Звонкая раніца” будзе шукаць таленты ў Асіповічах і Калінкавічах (26 кастрычніка), Ветцы (27 кастрычніка), Чавусах і Талачыне (28 кастрычніка), Полацку і Мядзеле (29 кастрычніка), Шчучыне (30 кастрычніка), Жабінцы і Івацэвічах (31 кастрычніка), Карэлічах і Капылі (1 лістапада).
У кастынгах могуць узяць удзел усе жадаючыя (навучэнцы 7–11 класаў) незалежна ад месца іх пражывання. Таксама для адборачнай камісіі не мае значэння, ці мае ўдзельнік музычную адукацыю, ці займаецца ў якім-небудзь калектыве — калі дзіця хоча паспрабаваць свае сілы ў кастынгу, яно можа прыйсці і паказаць свае здольнасці. У практыцы конкурсу былі выпадкі, калі арганізатары знаходзілі на кастынгах самародкаў з цудоўнымі вакальнымі данымі, якія потым, дзякуючы імкненню да перамогі і працаздольнасці, уваходзілі ў дзясятку пераможцаў.
У кастынгах праекта, якія за час існавання конкурсу прайшлі ў 60 раённых цэнтрах, прынялі ўдзел больш за паўтары тысячы юных выканаўцаў, а за чатыры сезоны конкурсу ў фінале, які традыцыйна праходзіць у НДЦ «Зубраня» ўзялі ўдзел 215 вакалістаў з усёй Беларусі. Фінал “Звонкай раніцы-5” таксама пройдзе ў беларускім Артэку на беразе чароўнай Нарачы з 12 студзеня па 1 лютага 2015 года.
Каб узяць удзел у конкурсе, неабходна прыйсці на адзін з кастынгаў і падаць заяўку на ўдзел у конкурсе непасрэдна перад выступленнем. Заяўка запаўняецца канкурсантам ад рукі ў месцы правядзення кастынгу на спецыяльным бланку.
Ідучы на кастынг, трэба падрыхтаваць некалькі песень пад інструментальную (–1) фанаграму (песні павінны адлюстроўваць вакальныя магчымасці ўдзельніка), але выконваць канкурсант будзе толькі адну. Пры неабходнасці конкурсная камісія можа прапанаваць удзельніку выканаць іншую кампазіцыю. Аднак самае галоўнае на кастынгу — добра паказаць сябе.
Фінальныя конкурсныя спаборніцтвы гэта не толькі канцэртныя выступленні. Кожны з выканаўцаў зможа паспрабаваць сябе ў новым нязвыклым для яго амплуа, пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў ўдасканаліць сваё выканальніцкае майстэрства, навучыцца ўпэўнена трымацца на сцэне і ўзаемадзейнічаць з іншымі выканаўцамі і калектывамі, атрымаць веды па стварэнні ўласнага іміджу і асвоіць асновы акцёрскага майстэрства. Запамінальнымі момантамі конкурсу для фіналістаў стануць творчыя сустрэчы і майстар-класы зорак беларускай эстрады (у мінулыя гады ў госці да фіналістаў у “Зубраня” прыязджалі Дзядзя Ваня і саліст групы “Атлантыка” Алекс Дэвід, Пётр Ялфімаў і Іна Афанасьева).
Падчас правядзення фіналу конкурсу будзе працаваць некалькі складаў журы. Прафесійнае журы (педагогі праекта, прадстаўнікі арганізатараў, а таксама госці праекта) будзе ацэньваць вакальныя даныя канкурсанта і ўзровень выканальніцкага майстэрства, сцэнічнасць, а таксама здольнасць да навучання і прагрэс за час удзелу ў праекце. Будзе працаваць журы гледачоў, якое шляхам галасавання пасля кожнага справаздачнага канцэрта будзе ствараць рэйтынг сімпатый гледачоў, а таксама журы ўдзельнікаў конкурсу, якое перад гала-канцэртам вызначыць уладальніка прыза сімпатый удзельнікаў конкурсу.
Падтрымаць сваіх блізкіх і знаёмых, якія выйдуць у фінал конкурсу, можна будзе праз СМС-галасаванне, якое будзе запушчана адразу пасля размяшчэння відэазапісаў фіналістаў (іх выступленняў на кастынгах) на сайце конкурсу www.zr.ng-press.by.
На гала-канцэрце “Звонкай раніцы” будуць падведзены вынікі: дзесяць фіналістаў стануць пераможцамі, а адзін з іх можа яшчэ атрымаць і гран-пры конкурсу. Безумоўна, будуць яшчэ падарункі ад партнёраў конкусу і іншыя прыемныя нечаканасці.
Многія з выпускнікоў нашай фабрыкі зорак звязалі сваю прафесію з музыкай: шмат хто вучыцца ў музычных каледжах, аддзяленнях прадзюсарства і эстраднага вакалу профільных вышэйшых навучальных устаноў. Хто ведае, можа выхаванцы конкурсу “Звонкая раніца” праз некалькі гадоў стануць зоркамі беларускай эстрады.
А юным вакалістам, якія хочуць паспрабаваць свае сілы ў спаборніцтвах, параім: будзьце смелымі, проста прыходзьце на кастынг, запаўняйце анкету, спявайце, выходзьце ў фінал і перамагайце!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ .

Кіраўнік конкурсу “Звонкая раніца”,
намеснік галоўнага рэдактара
ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”

Месца і час правядзення кастынгаў творчага конкурсу па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца”
26.10.2014  Асіповічы,  Маладзёжна-падлеткавы цэнтр “Равеснік”  (Магілёўская вобласць, г.Асіповічы, вул.Рабоча-Сялянская, 20) 10.00
26.10.2014  Калінкавічы,  Цэнтр вольнага часу (Гомельская вобласць, г.Калінкавічы, пл.Леніна, 4)  16.00
27.10.2014  Ветка,  Гарадскі дом культуры (Гомельская вобласць, г.Ветка, вул.Грамыкі, 33)  14.00
28.10.2014  Чавусы,  Школа мастацтваў (Магілёўская вобласць, г.Чавусы, (вул.Савецкая, 7) 10.00
28.10.2014  Талачын,  Дзіцячая школа мастацтваў  (Віцебская вобласць, г.Талачын, вул.Піянерская, 2) 16.00
29.10.2014  Полацк,  Сярэдняя школа № 18 імя Е.Полацкай (Віцебская вобласць, г.Полацк, вул.Хруцкага, 24)  10.00
29.10.2014 Мядзель,   Гарадскі дом культуры (Мінская вобласць, г.Мядзель, вул.Шаранговіча, 6) 16.00
30.10.2014  Шчучын,  Раённы дом культуры (Гродзенская вобласць, г.Шчучын, вул.Савецкая, 4) 14.00
31.10.2014  Жабінка,  Гарадскі дом культуры (Брэсцкая вобласць, г.Жабінка, вул.Кірава, 91) 10.00
31.10.2014  Івацэвічы,  Гарадскі дом культуры (малая  зала)  (Брэсцкая вобласць, г.Івацэвічы, вул. Леніна, 57)  16.00
01.11.2014  Карэлічы,  Раённы дом культуры (Гродзенская вобласць, г. Карэлічы, пл.17 верасня, 8 )   10.00
01.11.2014  Капыль,  Раённы цэнтр культуры  (Мінская вобласць, г.Капыль, пл.Леніна, 4) 16.00

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Always, people who play how to win at blackjack are calm and open-minded.