Кобринской районной ветеринарной станции исполнилось 75 лет


З дня заснавання Кобрынскай раённай ветэрынарнай станцыі мінула 75 гадоў.
Дзякуючы актыўнай рабоце сучаснага кіраўніцтва ўстановы з дапамогай архіўных дакументаў была вызначана яе дата нараджэння – 29 верасня 1939 года. Спачатку ветэрынарня (старая назва ўстановы) размяшчалася па вуліцы Рэвалюцыйнай, 14, у 1940 годзе прапісалася па новым адрасе: Чырвонаармейская, 82, дзе знаходзіцца і зараз.

Паводле архіўных дакументаў вядома, што ў 1940 годзе старшым ветэрынарным урачом быў таварыш Скотніцкі, а яго намеснікам – Фадзей Прарок.
Аб сучаснай дзейнасці Кобрынскай раённай ветэрынарнай станцыі нам расказаў галоўны ветэрынарны ўрач Пётр Вакарчук.
Сёння ў склад лячэбна-прафілактычнай установы ўваходзяць участковыя ветэрынарныя лячэбніцы ў вёсках Пецькі, Навасёлкі, Кісялёўцы, Дзівін, Павіцце, Гарадзец, Андронава. Зона абслугоўвання кожнага ўчастка – 18-20 вёсак. Функцыянуюць дзве лабараторыі: дыягнастычная і аграхімічная, ёсць і ўласны віварый, дзе ўтрымліваюцца жывёлы для эксперыментальнай работы.

Агульная колькасць супрацоўнікаў, якія задзейнічаны ў аказанні дапамогі “братам нашым меншым”, 82 чалавекі. Мэта ў калектыву адна — забяспечыць эпізаатычны дабрабыт раёна. Аб прафесіяналізме работнікаў сведчаць узнагароды, якімі была адзначана ўстанова на абласным і рэспубліканскім узроўнях за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Летась у абласным спаборніцтве сярод раённых ветэрынарных станцый лепшых вынікаў дабіліся кабрынчане.
У калектыве ёсць працоўныя дынастыі. Клопат аб здароўі жывёл з пакалення ў пакаленне перадаецца ў сем’ях Леаніда Патоні, Людмілы Лукашук, Міхаіла Хінца, Таццяны Старжынскай.
Словы падзякі выказаў кіраўнік ветэранам — Баляславу Лабуну, Таццяне Старжынскай, Уладзіміру Сідаруку, Міхаілу Хінцу, Уладзіміру Прастакову, Пятру Другаку, Галіне Майсяюк, Ніне Касцюшэнскай. Памятаюць тут і прафесіяналізм Якава Старжынскага.
Размова з галоўным урачом адкрыла мне некаторыя сакрэты ветэрынарнай адукацыі. Напрыклад, добрым спецыялістам у галіне ветэрынарыі можна стаць толькі пры наяўнасці вопыту. Таму ўсе супрацоўнікі ветстанцыі — практыкі шырокага профілю. Кожны з іх неаднаразова чуў з вуснаў галоўнага ўрача параду, што жывёлам цалкам давяраць нельга. Але яны давяраюць, у тым ліку і сам Пётр Іванавіч, калі бачаць, як сумным позіркам жывёла просіць дапамогі.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКАХ: калектыў Кобрынскай раённай ветэрынарнай станцыі; супрацоўнікі лабараторыі дыягностыкі — ветурач-вірусолаг Кацярына Люльковіч (за сталом) і намеснік галоўнага ўрача па дыягностыцы Вера Вашчонак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *