Огурцы, вырощенные таким способом, более устойчивы к погодным стрессам


Доўгі час Мікалай Сідзюк з вёскі Астромічы быў супрацоўнікам Інстытута агародніцтва Нацыянальнай акадэміі навук.
З 2002 па 2006 год у інстытуце вялася работа па распрацоўцы тэхналогіі вырошчвання агуркоў-карнішонаў на шпалеры. Былі выпрабаваны ўсе гатункі дзяржаўнага рэестра. Выкарыстанне шпалеры апраўдала сябе. “Агуркі, якія вырошчваюцца такім спосабам, больш устойлівыя да перападаў надвор’я. Збіраць ураджай таксама зручна”, — тлумачыць аграном.

Мікалай Іванавіч працаваў па суправаджэнні і ўкараненні гэтай тэхналогіі ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. “Тэхналогія разлічана на падсобныя ўчасткі, аднак можа выкарыстоўвацца і ў прамысловых комплексах”, — расказвае Мікалай Сідзюк.
У нашым раёне карнішоны на шпалеры вырошчвалі ў асноўным на тэрыторыі Астроміцкага сельскага Савета.
Агуркі гатункаў галандскай селекцыі “эколь”, “актобус” і “амур”, а таксама распаўсюджаны “раднічок” пры вырошчванні на шпалеры далі найбольшы ўраджай. Добра растуць на шпалеры і агуркі беларускай селекцыі.
Зараз Мікалай Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Аднак і да гэтай пары займаецца вырошчваннем карнішонаў такім спосабам. Агуркі вышэйназваных гатункаў растуць у яго на прысядзібным участку.
Нягледзячы на тое, што ва ўсім выразна адчуваецца подых восені, у агародзе Мікалая Іванавіча і зараз можна пасмакаваць агуркі. “Яны былі пасаджаны ў другой палове чэрвеня, два семечкі на паўтара метра. Перад пачаткам цвіцення апрацаваны ад перанаспарозу, — расказвае Мікалай Сідзюк. Добрага ўраджаю агуркоў сёлета няма, умовы для іх былі неспрыяльныя. Увесь чэрвень быў халодны. У сувязі з гэтым плоданашэнне пачалося аж у пачатку жніўня, што для дадзенай культуры не ўласціва”.
Да тэмпературных стрэсаў найбольш устойлівы “актобус”. Самую высокую ўраджайнасць даў “амур”.
Агуркі добра растуць пасля любой культуры, акрамя гарбузовых. Можна вырошчваць іх на адным і тым жа месцы, што і дазваляе выкарыстоўваць шпалеру.
У кожнага агародніка свой сакрэт атрымання высокага ўраджаю, аднак перайманне вопыту ніколі не пашкодзіць.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *