«Дожинки-2014» праздновали Пинске


Восеньскай парой намаганнямі тысяч хлебаробаў ствараецца адзіны вялікі каравай, які ўвасабляе сабой плённую, напружаную працу, а таксама сімвалізуе росквіт, дабрабыт і высакароднасць усёй беларускай нацыі. Сёлета традыцыйную эстафету правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” прыняў Пінск. У мінулую суботу адбыліся мерапрыемствы галоўнага свята ўраджаю Брэстчыны. Раніцай у горад з’ехаліся шматлікія дэлегацыі, у тым ліку і нашы землякі на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Зазуляй і яго намеснікам Сяргеем Дзенісевічам.


Здавалася, што нават надвор’е ў той дзень было як на заказ. Пяшчотнае сонца дарыла па-сапраўднаму святочны настрой і радасць. Пінск сустракаў гасцей прыбраным і заможным. Адчувалася, што мясцовыя і абласныя ўлады, шматлікія будаўнічыя арганізацыі старанна і рупліва рыхтаваліся да сёлетняга свята. Кардынальна змянілі свой імідж фасады шматпавярховых жылых дамоў, адрамантаваны дарогі, шэраг аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Цэнтральныя вуліцы горада ператварыліся ў адзіны святочны кірмаш, дзе былі прадстаўлены дасягненні прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў вобласці, крэатыўныя скульптурныя кампазіцыі з садавіны, агародніны і прыродных матэрыялаў, гандлёвыя кропкі, дзе было можна выдатна падсілкавацца. На міні-сцэнах танцавалі і спявалі творчыя калектывы. Асобнай увагі заслугоўвалі рознапланавыя выставы-продажы майстроў народнай творчасці, сярод якіх былі і кабрынчане Вячаслаў Дародзька, Марына Баніфацьева, Іван Пархуцік, Вікторыя Лукашук і іншыя.


Губернатар Берасцейшчыны Канстанцін Сумар прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця на плошчы Леніна першага ў краіне бронзавага памятнага знака хлебу, які адлюстроўвае ўрадлівасць і багацце нашай зямлі. Ініцыятарамі гэтага праекта выступілі звычайныя жыхары Пінска, а Канстанцін Андрэевіч, дарэчы, натхнёна падтрымаў ідэю і нават сам паўдзельнічаў у стварэнні эскіза знака.
І вось па вуліцы Першамайскай на плошчу Леніна да галоўнай сцэны свята пад гучныя апладысменты і авацыі гледачоў накіраваліся калоны дэлегацый. Пад гукі фанфар залунаў дажыначны сцяг. У зале пад адкрытым небам прысутнічалі ў тым ліку Герой Беларусі, ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч, міністры сельскай гаспадаркі і харчавання і лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц і Міхаіл Амельяновіч, старшыня праўлення Белспажыўсаюза, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Беларусі ў Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў, кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў, арганізацый і бізнес-структур і інш.


У час адкрыцця абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” у Пінску Канстанцін Сумар адзначыў, што менавіта сёлетняя ўборачная кампанія ярка праілюстравала амаль неабмежаваны патэнцыял аграрнікаў вобласці, іх дасведчанасць, навуковы падыход да справы і высокі прафесіяналізм. Жніво было завершана якасна і ў сціслыя тэрміны. І гэтаму, безумоўна, спрыялі надвор’е, шчодрасць палёў, а таксама годны ўзровень арганізацыі ўсяго комплексу работ на збожжавай ніве. У выніку па вобласці было сабрана 1 млн. 452 тысячы тон збожжа без уліку кукурузы на зерне. Гэты паказчык на 83 тысячы тон перавысіў цяпер ужо экс-рэкорд па намалоце, які быў зафіксаваны два гады таму, пры гэтым уборачныя плошчы сёлета скараціліся амаль на 50 тысяч гектараў! На гэта паўплывала і паспяхова праведзеная мадэрнізацыя ў апошнія тры гады. На жніве працавалі больш за 1600 сучасных збожжаўборачных камбайнаў, у тым ліку 45 з іх — новыя. Пераможцамі ў спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў сталі Баранавіцкі, Брэсцкі і Іванаўскі раёны. Амаль 102 тысячы тон збожжа на рахунку Кобрыншчыны. Сёлетні год стаў рэкордным для Брэстчыны па ўраджайнасці, якая склала 41,5 цэнтнера з гектара. Губернатар адзначыў, што на недасягальную вышыню сярод іншых гаспадарак вобласці сёлета падняліся працаўнікі ААТ “Агра-Кобрынскае”, дзе зафіксавана ўраджайнасць 75,2 цэнтнера з гектара.
Канстанцін Андрэевіч засяродзіў увагу прысутных і на будучым ураджаі 2015 года, які фарміруецца ўжо сёння. Патрэбна будзе належным чынам, выконваючы ўсе агратэхнічныя нарматывы і тэрміны, пасеяць больш за 250 тыс. гектараў азімых збожжавых культур – “ільвінай долі” збожжавага кліна, убраць кукурузу і агародніну, падрыхтаваць да зімоўкі фермы.
Канстанцін Сумар заявіў, што ў бліжэйшы час будзе прыняты шэраг мер па эфектыўным рэфармаванні сельскай гаспадаркі. Чатыры адпаведныя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дазволяць вырашыць многія вострыя праблемы эканамічнага плана – адтэрміноўка запазычанасці па крэдытах і інш. Дзяржава і ў далейшым будзе аказваць падтрымку сельскай гаспадарцы, але падтрымка гэта будзе толькі адраснай – па канкрэтных праграмах і праектах. Адным з прыярытэтаў будзе работа з зямлёй, каб забяспечыць у тым ліку жывёлагадоўчую галіну высакаякаснымі кармамі.


Канстанцін Андрэевіч уручыў заслужаныя ўзнагароды героям жніва. Сярод трыумфатараў абласных “Дажынак” – старшыня СВК “Узыходзячая зара” Таццяна Дземідзюк, якая ўдастоена Ганаровага дыплома Брэсцкага аблвыканкама, старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа ААТ “Астромічы” Кобрынскага раёна Аляксандр Сярбун і старшыня СВК “Пакроўскі” Віктар Свянцецкі, якія атрымалі Ганаровую грамату Мінсельгасхарча і дыплом пераможцы ў конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлаводчых ферм і комплексаў” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Дырэктару ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” Мікалаю Місюку ўручаны дыплом першай ступені Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза за перамогу ў конкурсе “Лепшы кіраўнік перапрацоўчай прамысловасці Брэсцкай вобласці”.


А завяршылася свята ў Пінску яскравым канцэртам самадзейных артыстаў Берасцейшчыны.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.


Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *