У маленькай марке – вялікая гісторыя

У мінулыя выхадныя ў файе ГДК разгарнулася цікавейшая выстава народнага клубу “Філатэліст”. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены не толькі традыцыйныя альбомы з маркамі, але і такія арыгінальныя аб’екты калекцыяніравання, як экзатычныя бабачкі і значкі, паштоўкі, плюшавыя, гліняныя і нават вышытыя “крыжыкам” чарапашкі, рознастайныя карціны мастакоў. Калекцыянеры вырашылі ў зімнія, снежныя дні правесці тэматычны дзень свайго клубу, куды запрасілі ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам.

Збіральнікі марак – свайго рода летапісцы роднага краю. Так павялося, што кожны знакавы момант у жыцці краіны ці асобнага рэгіёна абавязкова адлюстроўваецца ў філатэліі. На мерапрыемстве былі агучаны цікавыя этапы ў гісторыі, якія датычыцца развіцця пошты і яе атрыбутаў. Так паводле афіцыйных звестак, першая паштовая ўстанова была створана ў Вялікім Княстве Літоўскім ў 1558 годзе, дзякуючы намаганням вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста. Крыху пазней князь ВКЛ Стэфан Баторый увёў плату за пісьмы ўзалежнасці ад іх вагі, якая праіснавала да сярэдзіны 17 стагоддзя. У снежні 1857 года была выдана першая паштовая марка. З гэтага часу яна пачала сваё існаванне і на тэрыторыі Беларусі. Калі ўтварылася БССР, краіна дэлігіруе права выдання знакаў паштовай аплаты ў Маскву і на нашай тэрыторыі распаўсюджваюцца паштовыя маркі СССР. Пасля атрымання незалежнасці ў Рэспубліке Беларусь філатэлія атрымлівае “другі подых”, паколькі пачалі выпускацца ўласныя маркі, канверты, паштоўкі і інш.

Філатэлія Беларусі за 19 гадоў свайго існавання напрацавала вялікі каштоўны багаж вопыту і ведаў. І ў доказ гэтаму была прадэманстравана прэзентацыя, якая завершылася кадрам з маркай, дзе размешчана выява герба Кобрына. Згадзіцеся, прыемна ўбачыць паштоўку ці ліст, напрыклад, дзесці ў Менску з маленькім напамінам пра родны горад. Сёння ў Кобырнскім раённым вузле паштовай сувязі можна без перашкод заказаць рознастайныя маркі для ўласнай калекцыі.

У альбомах старшыні Савету народнга клуба “Філателіст” Аляксандра Масліевіча не адна тысяча марак на розную тэматыку — флот, спорт, флора фаўна, авіацыя і інш. За актыўны удзел у сваёй дзейнасці Аляксандр Леанідавіч ўдастоіўся дзвух сярэбраных і трох бронзавых медалёў Усесаюзнага таварыства філатэлістаў, а таксама медалём лаурэата ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў 1987 годзе ў Маскве. Таварыства філатэлістаў у Кобрыне афіцыйна ўтварылася ў 1970 годзе, узначаліў якое Барыс Яўгенавіч Спірыдонаў. З 1988 года адзінагалсна быў выбраны на гэтую пасаду Аляксандр Масліевіч. А з 2003 года народным клубам “Філатэліст” кіруе Тамара Меленько.

Напрыканцы сустрэчы ва ўрачыстай абстаноўцы былі уручаны памятныя падарункі самым старанным калекцыянерам – Аляксандру Масліевічу, Аляксандру Агіевічу, Валянціну Сокалу, Аляксандру Чарнавокаму, Алегу Меленько і Леаніду Валынчуку.

Раман МЕЛЬНІК

фота аўтара

На здымках: калекцыя значкоў і экзатычных бабачак Леаніда Валынчука; старшыня Савету народнага клубу “Філателіст” Аляксандр Масліевіч са сваёй калекцыяй марак; кобрынскія філатэлісты Аляксандр Агіевіч(злева), Сцяпан Ніканчук і метадыст раённага метадычнага цэнтру аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Алена Белякова.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *