Члены кобринской делегации, которые недавно побывали Швейцарской Конфедерации, прошли путём Суворова через перевал Ригенкопф в Альпах

З 11 па 15 жніўня кобрынская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Трубчыкам пабывала ў Швейцарскай Канфедэрацыі. Аб гэтай паездцы Валянцін Васільевіч расказаў нашай газеце.
— Мы атрымалі афіцыйнае запрашэнне ад прэзідэнта абшчыны нашага горада-пабраціма Гларуса Крысціяна Марці, які з зацікаўленасцю ставіцца да пашырэння супрацоўніцтва паміж Кобрынам і Гларусам. Швейцарскія сябры з вялікай увагай ставяцца да традыцый, гісторыі. Кабрынчан запрасілі на вячэру ад імя прэзідэнта абшчыны Гларуса ў тым ліку з удзелам часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Леаніда Шынкевіча. Таксама мы пабывалі ў гасцях у былога прэзідэнта абшчыны г. Гларуса Генрыха Аэблі, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ён прымаў нас разам з жонкай Наташай. Наогул нас вельмі ўразіла гасціннасць швейцарцаў, і гэта адчувалася ў доме Франца Краманэзі, спадара Фродуліна, Ганса Петэра Фройлера, гаспадара атэля, у якім мы пражывалі.
З азнаямленчай экскурсіяй наведалі мясцовы альпійскі прыродны запаведнік, старэйшы ў Еўропе, дзе беражліва захоўваецца багаты жывёльны і раслінны свет, разам з інструктарам паўдзельнічалі ў майстар-класе па стральбе ў ціры са штурмавых вінтовак, атрымалі сапраўдную асалоду ад адпачынку на Клёнтальскім возеры глыбінёй каля 50 метраў з чысцейшай вадой. Адзначу, што швейцарцы ў вольны час не спяшаюцца ў цёплыя краіны, а аддаюць перавагу адпачынку на радзіме на ўлонні прыроды, у аўтадамах ці палатках і невялічкіх атэлях. Альпійская прырода сапраўды ўражвае. У памяці дагэтуль стаіць раскоша і водар горных кветак. Але, несумненна, гваздом праграмы візіту стала наведванне гісторыка-турыстычнага маршруту “Сувораў вэг” (з нямецкага — “шлях Суворава” — Р.М.), які праходзіць цераз шырока вядомы шматлікім еўрапейцам горны перавал Рыгенкопф (Панікс). Вышыня — 2 407 метраў над узроўнем мора. Менавіта цераз гэты перавал роўна 215 гадоў таму ажыццяўляўся славуты пераход рускіх войскаў пад камандаваннем фельдмаршала Аляксандра Суворава. Паводле гістарычных крыніц, рускія войскі пераадольвалі шлях у складанейшых кліматычных умовах – па снезе, у тумане, пры моцным ураганным ветры. Больш за 200 салдат Суворава загінулі. На перавале ў гонар гэтай падзеі ўстаноўлены бронзавы помнік рускаму воіну, мемарыяльная дошка. І вось члены кобрынскай дэлегацыі ў складзе Сяргея Шостака, Валерыя Іванюка, Аляксандра Ліцвіновіча, Сяргея Амельянчука і Сяргея Чабатарэнкі разам са мной вырашылі паўтарыць учынак рускіх воінаў і прайсці шляхам Суворава. Надвор’е было вельмі зменлівым, месцамі нават ішоў снег. Сцяжынкі былі настолькі вузкімі і крутымі, што перасоўваліся мы толькі па адным. Ведаеце, у гэтыя хвіліны кожны ў поўнай меры ацаніў мужнасць і самаадданасць рускіх воінаў, якія неслі з сабой яшчэ і ваенную амуніцыю і зброю… На самай вяршыні перавалу ў горным прытулку ў кнізе для наведвальнікаў мы пакінулі памятны запіс з аўтографамі. Упершыню ў гісторыі кабрынчане за сем гадзін пераадолелі гэты складаны маршрут.
У час паездкі былі праведзены дзелавыя перамовы з дырэктарам рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі Марытай Цопфі. Абмеркаваны шэраг важных пазіцый у рабоце з маладымі інвалідамі, у іх сацыялізацыі і інклюзіі. Быў дасягнуты двухбаковы дагавор аб правядзенні стажыроўкі для некалькіх спецыялістаў з Кобрына ў гэтай установе. У прадстаўнікоў Гларуса пэўную зацікаўленасць выклікала ўзаемасупрацоўніцтва з моладдзю Кобрыншчыны, у спартыўнай сферы і інш. Мы афіцыйна запрасілі швейцарскую дэлегацыю з аналагічным візітам да нас. Шчыра спадзяемся, што менавіта дзякуючы такім цёплым, сяброўскім сустрэчам узаемадзеянне з замежнымі калегамі працягнецца.
Запісаў Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: кобрынская дэлегацыя ўпершыню ў гісторыі паднялася на вяршыню перавалу Рыгенкопф (Панікс).
Фота з архіва Валянціна Трубчыка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *