Чалавек і яго справа Ад першай гамы – да вялікай сцэны


Мабыць, кожны з нас у жыцці калі-небудзь робіць крок, які ў будучым вызначае ўвесь лёс. На першы погляд, зусім нязначны, але менавіта з яго бярэ свой пачатак непарыўная чарада падзей, якія, нібыта звёны ў ланцугу, прыводзяць нас да галоўнай справы жыцця…

Для дырэктара Кобрынскай дзіцячай школы мастацтваў Сяргея Рэбкаўца такім крокам стаў першы візіт у харэаграфічную школу. Прычым, як адзначае з усмешкай Сяргей Рыгоравіч, у той час асабіста яго ініцыятывы ў гэтым зусім не было.

— Мяне, як і многіх іншых дзяцей, бацькі проста паставілі перад фактам – маўляў, будзеш хадзіць, і ўсё, — расказвае Сяргей Рабкавец. – Можа, таму, што хацелі, каб сын прызвычайваўся да прыгожага – а хутчэй, проста каб меў якую-небудзь справу ў вольны час. Справа спадабалася. Ну а калі ўжо падыходзіў час заканчэння, у школу сталі прыязджаць старэйшыя вучні, якія на той час ужо паступілі ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў. Расказвалі пра сваё цікавае жыццё, пра тое, што ёсць, аказваецца, і такая прафесія – танцор. Ну як тут было адмовіцца…

На вучылішчы Сяргей Рэбкавец не спыніўся – і пасля яго заканчэння паступіў ва ўніверсітэт культуры. З яго слоў, заўсёды хацеў толькі аднаго – дасягнуць так званай верхняй планкі менавіта ў харэаграфіі – і стаць не рэжысёрам, не выкладчыкам, а менавіта прафесіянальным танцорам. І быў запрошаны ў народны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь…

Але жыццё ўносіць свае карэктывы – на апошнім курсе ўніверсітэта Сяргей Рэбкавец сустракае сваё каханне – прыгажуню Алену… Неўзабаве яны пажаніліся. Пасля заканчэння ўніверсітэта жонка – па спецыяльнасці рэжысёр масавых святаў і народных абрадаў — была накіравана ў Драгічын, сам Сяргей Рыгоравіч паехаў у Пінск. І працаваў выкладчыкам у вучылішчы мастацтваў. На сямейным савеце ў якасці кампраміснага варыянта паміж Пінскам і Драгічынам, дзе працавала жонка, быў выбраны Кобрын. У хуткім часе нарадзілася дачка…

У Кобрыне Сяргей Рэбкавец працаваў у каледжы будаўнікоў, быў начальнікам аддзела культуры райвыканкама, двойчы выбіраўся ў Кобрынскі раённы Савет дэпутатаў. Апошнім месцам працы стала Кобрынская школа мастацтваў, дзе ён дырэктар з 2002 года. Іпрацуе з натхненнем.

— Уявіце сабе – дзеці прыходзяць да нас у 7-8 гадоў, — расказвае Сяргей Рыгоравіч. – На нашых вачах маленькі чалавек, які, здаецца, зусім нядаўна ўпершыню ўбачыў музычны інструмент ці зрабіў свае першыя крокі ў танцавальным класе, робіць крок за крокам ад першай гамы да вялікай сцэны, паступова ператвараецца ў артыста, музыканта, танцора — праходзіць этапы свайго станаўлення… Гэта цудоўна. І справа нават не ў тым, стане сённяшні вучань прафесійным музыкантам ці выбярэ для сябе якую-небудзь іншую сферу – уплыў, які аказвае на чалавека, з аднаго боку, сапраўднае мастацтва, а з другога – пастаянная неабходнасць прызвычайвацца да дысцыпліны, парадку і арганізацыі свайго працоўнага дня, у любым выпадку пойдзе толькі на карысць.

На сённяшні дзень у Кобрынскай школе мастацтваў займаюцца 632 вучні. Цікавы факт – лічба гэтая на працягу многіх гадоў практычна не мяняецца, болей таго – жадаючых навучацца на самой справе значна больш. А гэта, згадзіцеся, лепшы паказчык таго, што час, калі задумваліся толькі пра тое, каб зарабіць грошы, прайшоў. Таму што сучасны грамадзянін – перш за ўсё асоба шматгранная, вялікае значэнне для якой мае не толькі матэрыяльны дастатак, але і культурны ўзровень. І яшчэ адзін цікавы момант – тыя, хто добра вучыцца ў музычнай школе, выдатна займаюцца і ў школе звычайнай. І ўсё паспяваюць – таму што з маленства прывыкаюць правільна арганізоўваць свой час.

Не адышла ад сямейных традыцый і дачка Сяргея Рэбкаўца – Ульяна, якая ў гэтым годзе заканчвае навучанне па класу фартэпіяна. Ну а малодшаму сыну, Івану, пакуль толькі два гады – але, як расказвае Сяргей Рыгоравіч, нават зараз ён адносіцца да музыкі з вялікай цікавасцю.

Ёсць сярод выпускнікоў Кобрынскай школы мастацтваў і тыя, кім тут ганарацца па праву. Гэта – выпускнікі, якія вырашылі звязаць свой лёс з музыкай ці харэаграфіяй, лаўрэаты конкурсаў і фестываляў самага рознага ўзроўню. З задавальненнем успамінаюць у школе імёны многіх былых выпускнікоў — Аляксандра Гелаха, Рамана Філінскага, Алены Круглінскай і многіх іншых. 8 выпускнікоў Кобрынскай школы мастацтваў сёння з’яўляюцца стыпендыятамі Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Дарэчы, менавіта з гэтых сцен выйшла і наша кобрынская зорачка Вольга Сацюк, якую сёння ведае ўся краіна. Што ж датычыцца педагагічнага калектыву школы мастацтваў – то практычна палову яго складаюць былыя выпускнікі. Так што можна сказаць, што і кадры для сябе ў Кобрынскай школе мастацтваў рыхтуюць самі. Выдатныя магчымасці і для самарэалізацыі. Актыўная канцэртная дзейнасць, 23 калектывы, 3 з якіх носяць званне ўзорных, дазваляюць у поўнай меры раскрыць свае здольнасці кожнаму і даруюць асалоду на шматлікіх канцэртах сваім слухачам.

Самае вялікае задавальненне, калі выступаюць вучні школы, адчувае і сам Сяргей Рэбкавец. Менавіта калі на сцэне выкладчыкі па-майстэрску іграюць разам са сваімі вучнямі, а ў зале гучаць апладысменты, лепш за ўсё адчуваеш, што час і намаганні педагогаў не прапалі дарма — а наша краіна стала багацейшай на таленавітых людзей. І зноў хочацца працаваць…

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *