Гран-при фестиваля бардовской песни «Солнечный» получила кобринчанка


“Мы з мужам ехалі ў Асіповічы ў госці да дачкі. Была зіма, кружыла завея. Дрэвы густой сцяной абступалі дарогу. Іх галіны пад цяжарам снегу схіліліся да зямлі. У мяне ад такой прыгажосці аж дух заняло. А ў душы нарадзіліся вершаваныя радкі”, — успамінае Валянціна Клачковіч.
Так нечакана жанчына адчула ў сабе здольнасці да стварэння паэтычных тэкстаў. “Мяне заўсёды вабіла паэзія. Асабліва вершы Купалы”, — заўважае Валянціна Сцяпанаўна.
З той пары яна заўсёды мае пад рукой запісную кніжку. “Вершы складаюцца самі па сабе, здаецца, плывуць з душы”, — гаворыць паэтэса. Яе захапленне паэзіяй падтрымалі муж і дзеці.
Свае вершы Валянціна нікому, акрамя членаў сям’і, не паказвала. “Было боязна, узрост немалады, людзі не зразумеюць”, — разважала яна.
Выпадкова з раённай газеты даведалася пра аматарскае аб’яднанне “Белы бусел”. “На пасяджэнні я прачытала свае творы. Добра памятаю, як хвалявалася тады. Леанід Глушко падбадзёрыў, сказаў, што вершы мае добрыя”, — успамінае Валянціна Сцяпанаўна.
З 2011 года яна стала членам гэтага аб’яднання. Пачала пісаць актыўней, эксперыментаваць з рыфмай. Уласныя вершы пісала на дзвюх мовах, але перавагу аддавала беларускай. Яе творы тэматычна разнастайныя. Асабліва ўдаецца пісаць пра прыроду. “Я вырасла ў вёсцы, а там такія казачныя краявіды”, — дзеліцца Валянціна Сцяпанаўна. Яна ганарыцца тым, што ад яе роднай вёскі Папіна, што ў Драгічынскім раёне, усяго ў некалькіх кіламетрах — у вёсцы Людзвінава — у свой час жыла польская пісьменніца Эліза Ажэшка.
Валянціна Клачковіч умее бачыць незвычайнае ў звычайным, шмат назірае. Для сваіх унукаў пісала калыханкі і забаўляльную азбуку. Жанчына заўсёды з павагай ставіцца да людзей. “Калі ты з дабром да чалавека, то і ён з дабром”, — лічыць яна.
28 гадоў Валянціна Сцяпанаўна працавала на Кобрынскай ткацкай фабрыцы. За добрасумленную працу і актыўную грамадскую дзейнасць неаднаразова была ўзнагароджана. “У думках я часта вяртаюся ў мінулае, праз прызму гадоў на многія рэчы гляджу зусім з іншага боку”, — гаворыць жанчына. Пераасэнсаванне поглядаў уласціва і лірычнаму герою Валянціны Клачковіч.
Зараз жанчына захапілася перакладамі. На родную мову перакладае творы рускіх аўтараў, якія ёй падабаюцца. Валянціна Сцяпанаўна ніколі не прымала ўдзел у паэтычных конкурсах. “Узрост не той”, — апраўдвалася. Сёлета наважылася і прадставіла свае вершы шырокай аўдыторыі на III фестывалі бардаўскай песні “Сонечны”, дзе атрымала гран-пры.
Вершы Валянціны Клачковіч друкуюцца на старонках “раёнкі” і газеты “Сябар пенсіянера”.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *