Её возраст насчитывает более сотни лет


Ільняная, саматканая, аздобленая вышыўкай… Яе ўзрост налічвае больш за сотню гадоў.
Часцінкай памяці зберагаецца кашуля ў сям’і Таццяны Утраты. Гэта напамін пра любімую бабулю, якую з унучкай з’ядналі адно імя і блізкая духоўная сувязь.
З пакалення ў пакаленне перадавалася даматканая кашуля, пашытая ў 1890-я гады. Апраналі яе ў свята, такое адзенне было прыкметай заможнасці, а прыгожая вышыўка сведчыла аб уменні майстрыхі.
Першая гаспадыня кашулі — Ганна. Дбайная была жанчына, жыла на хутары ў Драгічынскім раёне. Усёй сям’ёй шчыравалі на зямлі, мелі вялікую гаспадарку.
Праз нейкі час сваю кашулю яна падарыла нявестцы Таццяне, якая пасля замужжа засталася жыць на хутары. Як і свякроў, яна была працавітая, шпаркая. Застаўшыся ўдавой, трымала гаспадарку, нікога ніколі не крыўдзіла, ні з кім не сварылася.
Маючы двух сыноў, Таццяна Яўціх’еўна перадала кашулю сваёй унучцы Тані, якая і паведаміла нам гэту гісторыю.
— Мая бабуля была вельмі добрая, душэўная, — успамінае сённяшняя ўладальніца кашулі. — Яна заўсёды наказвала нам, каб мы працавалі, не лянаваліся.
Сям’я Таццяны Утраты з павагай ставіцца да сямейных традыцый. Напрыклад, акрамя кашулі, беражліва захоўваюць ручнік, на якім снедаюць толькі раз у год — на Нараджэнне Хрыстова. Так рабілі бацькі Таццяны Мікалаеўны, так цяпер штогод робіць і яе сям’я.
З цягам часу, па традыцыі, Таццяна таксама збіраецца перадаць кашулю, але каму, яшчэ не ведае, бо ў самой два сыны. Можа, нявестцы, а можа, і Аляксандры Жук, якую вы бачыце на фотаздымку. Сашка — яе пляменніца, яна любіць апранацца ва ўтульную прабабуліну льняную кашулю. Падперазаўшыся поясам, з вянком кветак, яна ўдзельнічала ў касцюміраваным балі “Мода з камоды”, што ладзіўся ў аздараўленчым лагеры раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Апранаючы сямейную рэліквію, дзяўчына быццам адчувае подых часу, марамі пераносіцца ў мінулае.
Так гісторыя адной кашулі можа ўмяшчаць у сабе гісторыю сям’і, у якой жывуць неабыякавыя да свайго радаводу людзі.
Ірына ЛЕСІК.
НА ЗДЫМКУ: Алясандра Жук з задавальненнем носіць прабабуліну кашулю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *