Японский театр “Manjushaka” выступил на Кобринщине


Нядаўна ў актавай зале дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Колас” прайшло выступленне самабытнага японскага тэатра “Manjushaka”. Ініцыятарам канцэрта выступіла Міністэрства адукацыі ў супрацоўніцтве з упраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. “На нашай сцэне гэты калектыў упершыню, аднак у рэспубліцы з яго творчасцю ўжо знаёмыя”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра Яўгеній Гулюта.
Праблема радыеактыўнага забруджвання аб’яднала японскі і беларускі народы. Свае выступленні ў Беларусі артысты тэатра плануюць з улікам аўдыторыі альбо ў месцах, якія найбольш падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У аздараўленчым цэнтры “Колас” зараз адпачываюць дзеці з Лунінецкага і Столінскага раёнаў, тэрыторыі якіх адносяцца да зон з перыядычным радыяцыйным кантролем.
Тэатр “Manjushaka” быў створаны па ініцыятыве мамы Розы ў 1985 годзе і заснаваны на традыцыях нацыянальнага японскага тэатра Кабукі і сучаснага японскага тэатра. Артысты родам з прэфектуры Ібаракі, якая размяшчаецца на паўночным усходзе галоўнага японскага вострава Хансю. Яны жывуць адной дружнай сям’ёй. У складзе тэатра ёсць дзве групы – Ругэй і Тэннё. Зараз кіраўніком калектыву з’яўляецца дачка мамы Розы – Юмэя.
Амаль усе ўдзельнікі калектыву – 19 чалавек – прыехалі ў нашу краіну. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў іх запланавана два выступленні: у ДРАЦ “Колас” і ў Белавежскай пушчы.


Канцэртная праграма, падрыхтаваная тэатрам, — своеасаблівая малітва за ахвяр Чарнобыля. Цікава, што артысты вызначаюцца з канцэртнымі нумарамі на месцы, улічваючы магчымасці сцэны. Гледачам былі прадстаўлены 10 танцавальных кампазіцый, кожная з якіх – асобная гісторыя жыцця. Канцэртныя нумары “Люблю”, “Поры года”, “Танец прынца і прынцэсы” і многія іншыя далі магчымасць беларусам апынуцца на імгненне ў Краіне ўзыходзячага сонца. Загадкавай і містычнай была кампазіцыя “Меч дракона”.
У час канцэрта артысты неаднаразова змянялі касцюмы. Прыгожыя расшытыя кімано яны ствараюць уласнымі рукамі. З-за вялікай колькасці грыму артысты настолькі пераўвасабляюцца, што цяжка вызначыць, мужчына ці жанчына выконвае танец. Гледачы станавіліся ўдзельнікамі спектакля, падтрымлівалі іх на працягу выступлення.
Па заканчэнні канцэрта дзеці ўручылі артыстам памятныя сувеніры, якія зрабілі ў час заняткаў у гуртках цэнтра.
Гучныя апладысменты, крыкі захаплення, працяглыя фотасесіі і без перакладчыка сведчылі аб паспяховасці японскіх артыстаў.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *