У планах – кар’ерны рост

Яшчэ з дзяцінства Андрэй Ліс праяўляў вялікую зацікаўленасць да дакладных навук. Пасля заканчэння сярэдняй школы праблемы з выбарам прафесіі не існавала. Андрэй паспяхова закончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “банкаўская справа”. А на сваё першае рабочае месца – пасаду спецыяліста аддзела актыўных банкаўскіх аперацый у Кобрынскае аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк” — прыйшоў па размеркаванні зусім нядаўна.

— Асаблівы інтарэс у мяне выклікае фінансаванне самых розных інвестыцыйных праектаў, вывучэнне і далейшае суправаджэнне бізнэс-планаў, — расказвае малады спецыяліст.

Андрэй займаецца інфармацыйнай грашовай падтрымкай уладальнікаў аб’ектаў аграэкатурызму. На сённяшні дзень у Кобрынскім раёне ўпэўнена і стабільна працягваюць сваё развіццё чатыры найбольш буйныя прадстаўнікі гэтага бізнэсу – сем’і Глінскіх, Главацкіх, Палікарпук і Новік. І кожны з іх з’яўляецца надзейным і пастаянным кліентам ААТ “Белаграпрамбанк”. Своечасовыя грашовыя крэдыты на выгадных умовах, якія прадугледжаны з боку дзяржавы, далі свой эфект і пазітыўна паўплывалі на стан спраў гаспадароў аграсядзіб.

Паводле слоў Андрэя Ліса, пытанне займацца ці не такім відам прыватнай справы ўсё больш цікавіць прадпрымальных грамадзян. І гэта невыпадкова, таму што прыродны і культурны патэнцыял Кобрыншчыны стварае спрыяльныя ўмовы для прыцягнення замежных кліентаў, а значыць, і валютных асігнаванняў у раённы бюджэт.

Калектыў аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” з кожным годам амалоджваецца. Тут заўсёды пануе сяброўская і шчырая атмасфера.

Андрэй Ліс у вольны час сур’ёзна займаецца валейболам. Гэта захапленне ў яго засталося яшчэ з універсітэцкай пары. Малады чалавек удзельнічае ў летніх галіновых турыстычных злётах і зімніх спартакіядах. Так, у мінулым годзе ён адстойваў гонар Брэстчыны на рэспубліканскім турзлёце, дзе выдатна праявіў свае здольнасці і характар у спаборніцтвах па валейболе. У выніку каманда нашай вобласці заняла трэцяе месца.

Планы на будучыню ў маладога фінансіста ўжо вызначаны – перш за ўсё прафесійны і кар’ерны рост.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Андрэй Ліс і сакратар “пярвічкі” ГА “БРСМ” аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Вольга Хільковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *