В Кобринском районе оптимизируется медицинская сфера.


Аказваць бясплатную якасную агульнадаступную медыцынскую дапамогу — мэта любой установы аховы здароўя ў нашай краіне. Аб сучасным стане медыцыны на Кобрыншчыне нам расказаў галоўны ўрач установы аховы здароўя “Кобрынская цэнтральная раённая бальніца” Вячаслаў КРЫВЕЦКІ.
— На фінансаванне Тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва Кобрынскага раёна на 2014 год раённым выканаўчым камітэтам выдзелены сродкі ў памеры 154 мільярды рублёў, з разліку на аднаго чалавека – 1796000 рублёў. Кобрынская цэнтральная раённая бальніца з’яўляецца шматпрофільнай медыцынскай установай, якая аказвае медыка-дыягнастычную дапамогу насельніцтву па ўсіх лячэбных накірунках.
На сучасным этапе ў яе склад уваходзяць наступныя лячэбна-прафілактычныя арганізацыі: цэнтральная раённая бальніца і яе філіялы — “Радзільны дом”, “Дзіцячая бальніца”, “Стаматалагічная паліклініка”, станцыя хуткай і неадкладнай дапамогі, скурна-венерычнае і супрацьтуберкулёзнае аддзяленні, а таксама тры ўчастковыя бальніцы, адна бальніца сястрынскага догляду, 10 амбулаторый, з іх 9 – амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і адна — урачэбная амбулаторыя, 25 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У гэтых медыцынскіх установах насельніцтву аказваецца пярвічная і спецыялізаваная дапамога ў амбулаторных альбо стацыянарных умовах. Павышэнню якасці жыцця сацыяльна ўразлівай катэгорыі грамадзян спрыяе медыка-сацыяльная дапамога, якая ў нашым раёне аказваецца на ложках сястрынскага догляду ў Тэвельскай, Дзівінскай, Гарадзецкай і Навасёлкаўскай участковых бальніцах.
Дадаткова да дзяржаўнага аб’ёму бясплатнай медыцынскай дапамогі ва ўстанове аховы здароўя “Кобрынская ЦРБ” аказваецца шырокі пералік платных паслуг: розныя віды масажу, прафаглядаў, дыягнастычных мерапрыемстваў па жаданні пацыента, медыцынская дапамога замежным грамадзянам і інш.
Розныя віды медыцынскай дапамогі аказваюць 278 урачоў і 789 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.
У Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы вядзецца актыўная работа па рэканструкцыі медыцынскіх аб’ектаў, іх аптымізацыі, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новае рэнтгеналагічнае абсталяванне ў абноўленым рэнтгенаўскім кабінеце ў філіяле “Дзіцячая бальніца”. Улічваючы спецыфіку траўматалагічных захворванняў, з другога паверха на першы перанесены кабінет урача-траўматолага. У мінулым годзе адчыніла дзверы пацыентам новая стаматалагічная паліклініка.
Для Вячаслава Крывецкага 2014 год знамянальны двойчы: у год 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адзначыць сямідзесяцігадовы юбілей дзейнасці яго родная ўстанова. У яе гісторыі, якая пачалася ў 1944-м, былі розныя перыяды. Недахоп медыцынскіх кадраў, адсутнасць неабходнага абсталявання, складаныя ўмовы для работы. І адзіная мэта – дапамагаць людзям.
Гутарыла Людміла ДУБІНА.

фота Рамана  МЕЛЬНІКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *