З юбілеем, “Пралесачкі!”

“Кобрынская полька”, “Скокі”, “Трасуха”, “Тапатуха”… Яркі і відовішчны карагод гэтых добра вядомых танцаў дарыў цудоўны настрой гледачам, якія прыйшли на справаздачны юбілейны канцэрт узорнага ансамбля танца “Пралесачкі” раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Нядаўна гэты калектыў, стваральнікам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Чырун, адзначыў сваё саракагоддзе.


“Пралесачкі” залатымі літарамі ўпісалі ў культурную гісторыю Кобрыншчыны свае гучныя дасягненні. Артысты ансамбля станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а многія выпускнікі звязалі сваё далейшае жыццё з творчасцю. Чаго варта імя Антаніны Лабашэвіч, якая сёлета актыўна гастраліруе з канцэртамі ў Італіі! Яна з’яўляецца салісткай знакамітага Дзяржаўнага ансамбля танца “Харошкі”. Кабрынчане Андрэй Кавальчук і Кацярына Шыбун сталі ўдзельнікамі ансамбля танца “Белыя росы” Дзяржаўнай філармоніі ў г. Гродна, Мікалай Бараноўскі — саліст народнага ансамбля танца “Радасць”, працуе ў харэаграфічнай школе г. Брэста. Кіраўнік студыі фітнесу гарадскога Палаца культуры Таццяна Алексяюк таксама рабіла свае першыя крокі ў “Пралесачках”. На сучасным этапе гэты калектыў прэзентуе гледачам арыгінальны творчы прадукт – сімбіёз традыцыйных і сучасных танцаў, які, несумненна, прываблівае і захапляе.
У святочны вечар калектыў яскрава прадэманстраваў публіцы свае лепшыя нумары, неаднаразова выклікаў бурныя апладысменты. Вось на сцэну выходзіць маці з маленькай дачушкай, якая таксама жадае танцаваць. І няма сумненняў у тым, што ў верасні калектыў зноў запросіць у свае рады хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць спасцігаць прыцягальную магію танца.


У юбілейны вечар Святлану Чырун, яе маленькіх танцораў і іх бацькоў са святам сардэчна павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, які адзначыў высокі арганізатарскі талент Святланы Іосіфаўны, яе няўрымслівы, цвёрды характар і настойлівасць у дасягненні пастаўленых у жыцці мэт. Да гэтых віншаванняў далучыліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Паліна Васілюк, дырэктар РЦДТ Вольга Шугай і многія калегі, сябры, прадстаўнікі бацькоўскага камітэта выхаванцаў. Святлана Чырун за шматгадовую добрасумленную працу ўдастоена Ганаровых грамат райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, ёй уручалі падарункі і кветкі, дзякавалі за плённую працу.
…Чатыры дзесяцігоддзі Святлана Чырун, карэнная кабрынчанка, прысвяціла бясконцаму творчаму пошуку. Часта прыходзілася смела эксперыментаваць, а дзесьці і рызыкаваць, каб дасягнуць поспеху. Але нават і сёння кіраўніку “Пралесачак” не прыходзіцца, як кажуць, спачываць на лаўрах. Наперадзе — новыя канцэрты і выступленні. Сто трыццаць выхаванцаў ва ўзросце ад чатырох да шаснаццаці гадоў заўсёды гатовыя зрабіць гледачам шмат цікавых сюрпрызаў са сцэны.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

По желанию клиента mayoral на любых условиях.